Пошук

05.07.2021 16:57   Паводле: кс. Юрый Марціновіч / Grodnensis.by / Фота: Арцём Шыдлоўскі / Grodnensis.by

2 ліпеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі у Тракелях (Радунскі дэканат) адбылася ўрачыстасць у гонар Маці Божай Каралевы нашых сем’яў.

Як адзначаецца на партале Grodnensis.by, нягледзячы на працоўны дзень, у санктуарый прыбыло шмат пілігрымаў. Спачатку ўсе яны накіроўваліся ў маленькую драўляную святыню, каб прадставіць Маці Божай свае інтэнцыі і просьбы. Вернікі маліліся ў цішыні, дзякуючы Каралеве нашых сем’яў за ўсе ласкі, якія атрымалі ад Бога праз Яе заступніцтва.

Цэлебрацыю галоўнай святой Імшы на палявым алтары ва ўрачысты дзень, калі да рэформы літургічнага календара адзначалася свята Адведзінаў Найсвяцейша Панны Марыі, узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

У гаміліі іерарх запрасіў прысутных адправіцца разам з Марыяй у падарожжа, якое вядзе не толькі ў дом Альжбеты і Захарыі, але і да чалавечых сэрцаў, у дамы нашых бліжніх, да іх сем’яў і іх штодзённага жыцця.

«Марыя жадае наведаць сэрца кожнага чалавека, жадае напоўніць яго супакоем і радасцю, падтрымаць надзеяй і духоўнай моцай, якія паходзяць з Добрай Навіны»,— заўважыў біскуп.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што Адведзіны Маці Божай вучаць чамусьці вельмі важнаму, бо кожны раз, калі мы сустракаемся з Марыяй, да нас прыходзіць Езус, а Марыя ўказвае найкарацейшы і найлепшы шлях да Яго.

«Падобна да таго, як Альжбета і святы Ян Хрысціцель у яе ўлонні, мы перажываем радасць, бо ведаем, што Пан Езус прыходзіць да нас, каб схіліцца над нашымі цяжкасцямі, смуткам, цярпеннямі, каб падтрымаць нас сваёй ласкай, каб даць нам адчуць, што нават у найцяжэйшых выпрабаваннях мы ніколі не самотныя», — дадаў біскуп.

Ён адзначыў, што Езус не толькі прыходзіць да нас з дарам суцяшэння і ўмацавання ў цяжкасцях, але і жадае зрабіць нас сваімі сапраўднымі вучнямі.

«Пан Бог глядзіць з любоўю на таго, хто ўбогі духам, гэта значыць усведамляе ўласныя слабасці, абмежаванні, нават грахі, а адначасова з пакорай, прастатой і ў самапрыніжэнні просіць Пана аб літасці, прабачэнні і ласцы перамянення сэрца», — дадаў іерарх.

Па словах біскупа, непераўзыдзеным узорам такой пакоры, уласцівай вучню Езуса, з’яўляецца Найсвяцейшая Панна Марыя.

«Марыя ўсведамляе, што не заслугоўвае ласкі Божага мацярынства, што яно проста Божы дар для Яе як ціхай і пакорнай слугі Пана», — патлумачыў іерарх.

Біскуп падкрэсліў, якія шчодрыя, незлічоныя духоўныя ласкі, якая вялікая радасць, якое глыбокае і шчырае праслаўленне Бога нарадзілася з сустрэчы Марыі з Альжбетай.

«Падобна адбываецца заўсёды, калі мы дзелімся любоўю з бліжнімі. Мы ніколі не страчваем ад гэтага, заўсёды ўзбагачаемся, бо любоў памнажаецца ў нашых сэрцах», — сказаў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне.

Іерарх заахвоціў вернікаў даручыць Найсвяцейшай Маці свае сем’і і ўсе сем’і нашай краіны, каб Марыя прасіла для кожнай сям’і ласку сапраўднай любові, ахвярнасці, узаемнага служэння, разумення, міру і паяднання, a таксама валадарыла з дапамогай свайго дару любові ў кожным хрысціянскім доме, кожнай сям’і, кожным чалавечым сэрцы.

Падчас Імшы яе ўдзельнікі асаблівым чынам маліліся аб міры і згодзе ў кожнай сям’і, а таксама ў нашай краіне, каб усе ўмелі паважаць адзін аднаго.

На заканчэнне Эўхарыстыі кусташ санктуарыя ксёндз Юрый Бяганскі выказаў удзячнасць усім, хто наведаў у гэты дзень святое месца. Святар заклікаў прыбываць у гэтае асаблівае месца на мапе Гродзенскай вобласці цэлымі сем’ямі на адпустовыя ўрачыстасці 10–11 ліпеня, якія будуць мець дыяцэзіяльны маштаб.

Абноўлена 05.07.2021 17:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.