Пошук

25.06.2021 10:49   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Ірына Рыміні / Catholic.by

24 чэрвеня ў парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Мінску (Серабранка) адбылася адпустовая ўрачыстасць Нараджэння святога Яна Хрысціцеля.

З гэтай нагоды цэлебрацыю святой Імшы ў яшчэ незавершанай велічнай святыні маладой сталічнай парафіі ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У цэлебрацыі з арцыпастырам узялі ўдзел ксяндзы салезіяне, якія нясуць служэнне ў мінскай парафіі святога Яна Хрысціцеля з моманту яе стварэння, святары з суседніх парафій і шматлікія вернікі з Серабранкі і іншых супольнасцяў беларускай сталіцы.

У прамоўленым Божым слове заслужаны іерарх засяродзіўся на асобе святога Хрыстовага Папярэдніка, прапанаваўшы ўдзельнікам Эўхарыстыі паразважаць над тым, чаму місія святога Яна Хрысціцеля была настолькі важнай у гісторыі збаўлення, і чаму яго прыклад асабліва актуальны сёння ва ўмовах маральна і грамадска-палітычнага крызісу ў нашай краіне.

«Адказ заключаецца ў нашай духоўнай слепаце: мы часта не бачым сонца, якое свеціць. Нам патрэбны хтосьці, хто мог бы звярнуць увагу на тое, што ноч завяршылася, што ўзышло сонца і настаў дзень», — падкрэсліў іерарх.

Гаворачы пра маральны стан сучаснага свету, арцыбіскуп зазначыў:

«Часта мы дзейнічаем паводле „філасофіі натоўпу“: усе грашаць, разводзяцца, забіваюць ненароджанае жыццё, п’юць, прымаюць псіхатропы, чыняць несправядлівасць і гэтак далей, дык чаму я не магу?.. Сонца Божай праўды свеціць, але мы жывем у грахоўнай цемры і таму часта проста не разумеем рэальныя патрэбы нас саміх і грамадства, а таксама таго, як іх можна задаволіць», — сказаў арцыпастыр. Ён дадаў, што Ян Хрысціцель — адна з тых вялікіх асоб у гісторыі чалавецтва, якія супрацьстаяць грахоўным тэндэнцыям свайго часу і, зыходзячы з Божага закону, папярэджваюць і выкрываюць заганы паасобных людзей і ўсяго грамадства.

«Святы Ян Хрысціцель, падобна да змагара за правы чалавека і справядлівасць у Савецкім Саюзе Аляксандара Салжаніцына ці змагара за правы чарнаскурых у Злучаных Штатах Амерыкі Марціна Лютэра Кінга, адмовіўся падмануць сябе фальсіфікацыяй рэальнай сітуацыі, калі не прызнаецца зло і робіцца выгляд, што ўсё добра. Ён вучыў народ Ізраэля бачыць духоўную хваробу свайго грамадства, каб прызнаць яго грахі і пакаяцца, ахрысціўшыся ў водах Ярдана. Ён смела казаў, што ўжо сякера прыкладзена да каранёў дрэў, так што  дрэва, якое не прыносіць добрых пладоў, будзе ссечана і кінута ў агонь.

Ён быў прарокам, які меў мужнасць кінуць выклік грэшным людзям і іх кіраўнікам і вучыць іх таму, што ім сапраўды патрэбна. Адначасова ён быў больш чым прарокам, бо паказаў сучаснікам, як знайсці таго, хто можа прынесці ім выратаванне. Ён перавёў іх увагу з сябе на Езуса — адзінага, хто праз крыжовую ахвяру здольны вызваліць чалавецтва з палону граху і зла», — сцвердзіў іерарх.

«Таксама і мы па прыкладу нашага святога апекуна павінны быць голасам, які кліча ў пустыні: у пустыні бездухоўнасці, якая ўсё больш праяўляецца з сучасным свеце; у пустыні крызісу сям’і, якая з’яўляецца падмуркам кожнага грамадства; у пустыні крызісу Божага дару жыцця, якім сёння бессаромна маніпулююць, якое забіваюць ва ўлонні маці і якое становіцца таварам, бо яго можна прадаць і купіць; у пустыні распаўсюду амаральнай культуры і сродкаў масавай камунікацыі; у пустыні безнадзейнасці, якая ўсё больш праяўляецца ў свеце і ў нашым грамадстве», — заклікаў іерарх.

Ён адзначыў, што сведчанне святога Яна Хрысціцеля з’яўляецца актуальным і сёння.

«Менавіта ў пазначаным незахаваннем закону і здзелкай з сумленнем грамадстве Божае прабачэнне немагчыма без папярэдняга прызнання віны і жалю за яе. Такім чынам, Ян вучыць, што толькі бязмежны ў сваёй міласэрнасці Езус можа нас прымірыць з Богам і людзьмі. Але для гэтага неабходна пакаянне», — перакананы арцыбіскуп Кандрусевіч.

«Сёння, у складаны і лёсавызначальны час нашай гісторыі, нам неабходна звярнуцца да вучэння і сведчання святога Яна Хрысціцеля.

Неабходна звярнуцца, каб зразумець патрэбу ў пакаянні: як асабістым, так і ўсяго нашага народа.

Неабходна звярнуцца, каб быць сапраўднымі сведкамі хрысціянства, каб наш народ вярнуўся да Езуса — адзінага Збаўцы свету, бо толькі Ён можа нас выратаваць і аднавіць такі патрэбны мір у нашых душах і ва ўсім грамадстве», — сцвердзіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Абноўлена 25.06.2021 11:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа