Пошук

18.06.2021 10:36   Тэкст і фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

Блізіцца да завяршэння посная пілігрымка на аўтамабілях з копіямі цудадзейных абразоў Багародзіцы з санктуарыяў Беларусі, якая 15–17 чэрвеня перасякла з усходу на захад увесь абшар Беларускага Палесся і неўзабаве завершыцца ў Гродне — там, адкуль стартавала шэсць дзён таму.

Раніца 15 чэрвеня распачалася для пілігрымаў святой Імшой у гомельскім касцёле Нараджэння Маці Божай. Эўхарыстыю разам з вікарыем парафіі ксяндзом доктарам Юрыем Драздом цэлебраваў арганізатар пілігрымкі ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк.

Потым пілігрымы наведалі капліцу маладой гомельскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэтая супольнасць была адроджана па ініцыятыве сённяшняга Апостальскага адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Казіміра Велікасельца, разам з якім мясцовыя вернікі пачалі будаваць касцёл.

Плануецца, што будучая святыня калісьці стане санктуарыем Маці Божай Гомельскай.

У парафіяльнай капліцы разам з пілігрымамі маліліся тутэйшыя вернікі раза з іх душпастырам айцом Ануфрыем Альховікам з ордэна святога Паўла першага пустэльніка.

З Гомеля шлях пілігрымкі ляжаў па тэрыторыях, якія найбольш пацярпелі ў выніку Чарнобыльскай катастрофы.

Увечары пілігрымаў сустракалі вернікі Мазыра. Пасля супольнай Эўхарыстыі раніцай наступнага дня некаторыя з іх падзяліліся сваімі ўражаннямі:

«Вялікая радасць, што да нас прыехала пілігрымка з абразамі! Чакалі разам з сям’ёй з заміраннем сэрца. Знайшлі магчымасць быць тут, пакланіцца, атрымалі духоўнае натхненне на доўгі час»,— казалі яны.

Мазырская арганістка Дар’я падзялілася планамі на будучыню: «Я знаёмая з абразамі Маці Божай Будслаўскай і Лагішынскай. Спадзяюся, што на працягу жыцця я сустрэнуся і з іншымі духоўнымі святынямі Беларусі, што пайду ў пілігрымку альбо прыеду ва ўсе санктуарыіі і абавязкова памалюся за нашу краіну».

У Хойніках, калі пілігрымы пад’ехалі да касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, святыня была зачыненна. Заставалася толькі памаліцца звонку і зрабіць агульны фотаздымак, каб далей ехаць па маршруце. Нечакана да групы падышоў малады мужчына, здалёк усміхаючыся. Гэта быў мясцовы парафіянін, сакрыстыянін Мечыслаў, які ішоў у касцёл. Дзякуючы яму пілігрымы трапілі ў святыню, дзе памаліліся перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Далейшы шлях пілігрымаў па абшарах Палесся пралягаў праз старажытны Тураў і Юравічы, дзе калісьці славіўся ласкамі абраз Маці Божай Юравіцкай, які цяпер знаходзіцца ў касцёле святой Барбары ў польскім Кракаве.

Наведаўшы па дарозе яшчэ шэраг палескіх гарадоў, увечары 16 чэрвеня пілігрымы прыбылі ў некаранаваную сталіцу Палесся Пінск, дзе іх разам з мясцовымі вернікамі сустрэў пастыр Пінскай дыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка.

На наступны дзень пілігрымы наведалі яшчэ два санктуарыі, дзе знаходзяцца цудадзейныя абразы Багародзіцы, копіі якіх вандруюць па краіне. Гэта санктуарый Маці Божай Каралевы Палесся ў Лагішыне і касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце з абразом Маці Божай Брэсцкай.

З Брэста пілігрымы скіраваліся ў бок Гродна, дзе 18 чэрвеня ў 12.00 іх вандраванне па Беларусі завершыцца святой Імшой падзякі, цэлебрацыю якой узначаліць Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп  Юзаф Станеўскі.

Па дарозе яны наведалі Ваўкавыск і санктуарый Езуса Журботнага ў Росі.

 

Абноўлена 18.06.2021 13:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа