10 чэрвеня ў капліцы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася святая Імша на заканчэнне 2020–2021 навучальнага года, які стаў ужо трыццаць першым год у гісторыі навучальнай установы.
Цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліў Апостальскі адміністратар sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец.
У Імшы ўдзельнічалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, выкладчыкі і супрацоўнікі семінарыі, а таксама самі семінарысты.
Усіх прысутных прывітаў рэктар семінарыі ксёндз Віталій Вайцяхоўскі. Святар адзначыў, што гэта радасны дзень, які дае магчымасць зірнуць на пройдзены шлях, што вядзе ў семінарыйнай фармацыі да Хрыстовага алтара.
У гаміліі біскуп Юзаф Станеўскі казаў пра важнасць падтрымкі на шляху да святарскага служэння з боку народнай пабожнасці, якая ў кожнай дыяцэзіі нашай краіны адметная, але ў той жа час заўсёды такая самае, «бо сэрца чалавека ў канчатковым выніку прагне аднаго і таго ж». «Зразумела, народная пабожнасць часам павярхоўная. Аднак праз яе вера ўвайшла ў сэрцы людзей, стала часткай іх пачуццяў, іх звычак і жыцця. Таму народная пабожнасць — гэта вялікі скарб Касцёла», — дадаў іерарх.
Біскуп падкрэсліў, што семінарыйны шлях — перыяд навучання адзін з адным і адзін ад аднаго.
«Выплываючы на глыбіню нашага паклікання, як разважаў святы Ян Павел ІІ, кандыдат рыхтуецца да прыняцця Дару і зразумення Таямніцы святарства. Гэтае рашэнне выспявае і ў асабістых сустрэчах з веліччу і слабасцю чалавечага існавання»,— сказаў іерарх.
Таксама ён адзначыў, што семінарыя — гэта супольнасць у руху, шлях пілігрымкі са свaімі складанасцямі. «У суіснаванні, якое часам бывае складаным, трэба навучыцца быць шчодрымі і не толькі мірыцца адзін з адным, але і ўзбагачаць адзін аднаго, каб кожны мог прынесці свае асабістыя таленты ў агульную скарбніцу, бо ўсе яны служаць той самай справе фармацыі», — звярнуў увагу Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі.
Падчас Імшы семінарысты дзякавалі Богу за чарговы год фармацыі, за ўсе дасягненні ў навуковай і духоўнай сферах, за выкладчыкаў, якія з вялікай адданасцю і самапрысвячэннем стараліся перадаць ім як мага больш ведаў і дзяліліся жыццёвым вопытам.
На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Аляксандр Кашкевіч падсумаваў завершаны навучальны год, выказаўшы надзею на тое, што кожны з семінарыстаў яшчэ больш навучыўся любіць бліжніх, цаніць і шанаваць тых канкрэтных людзей, якіх Пан Бог у сваім Провідзе паставіў на яго жыццёвым шляху.
Іерарх выказаў таксама словы ўдзячнасці ўсім, хто сваім служэннем, працай і руплівасцю зрабіў унёсак у дзейнасць гродзенскай Alma Mater. Ён падзякаваў рэктару, выхаваўцам і спаведнікам, усім духоўным і свецкім супрацоўнікам семінарыі за працу перадавання ведаў студэнтам.
Звярнуўшыся да семінарыстаў з нагоды заканчэння чарговага навучальнага года, пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што семінарыйная фармацыя мае розныя аспекты: інтэлектуальны, духоўны, пастырскі і чалавечы.
«Усе гэтыя аспекты важныя, бо толькі тады, калі яны ўтвараюць разам гарманічную еднасць, можна казаць пра ўдалую, усебаковую фармацыю, здольную падрыхтаваць сапраўдных святароў паводле Сэрца Езуса», — сказаў іерарх.
Семінарыстам ён пажадаў, каб летні час праходзіў радасна і спакойна, a таксама каб быў нагодай даваць добрае сведчанне бліжнім, спрыяў паглыбленню і ўзмацненню іх асабістай духоўнай сувязі з Езусам Хрыстом.