Пошук

29.06.2021 10:50   Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

26 чэрвеня ў Тэалагічным каледжы імя святога Казіміра ў Гродне з удзелам біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча адбылася цырымонія заканчэння навучальнага года.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, выкладчыкі і навучэнцы сабраліся на святой Імшы падзякі ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкім), дзе біскуп Кашкевіч узначаліў цэлебрацыю Эўхарыстыю падзякі за мінулы навучальны год.

Перад пачаткам Імшы іерарх звярнуўся да шматлікіх прысутных. Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што навучэнцы каледжа павінны пазнаваць тэалагічныя дысцыпліны не з той мэтай, каб наталіць сваю цікаўнасць, хоць элемент пошуку мудрасці і прагненне яе паглыблення таксама вельмі важныя ў працэсе навучання, але «каб яшчэ больш любіць Пана Бога, яшчэ мацней верыць у Яго і яшчэ руплівей Яму служыць».

Эўхарыстыю біскуп цэлебраваў у інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае супольнасць гэтай гродзенскага тэалагічнага каледжа: адміністрацыі, выкладчыкаў, навучэнцаў і выпускнікоў.

У гаміліі дырэктар каледжа ксёндз Юрый Марціновіч адзначыў, што кожны чалавек хоча бачыць плён сваёй працы, бо тады ўсведамляе, што ён вельмі патрэбны свету, тым людзям, якіх Божы Провід ставіць побач кожны дзень; што патрэбны менавіта ў гэтым месцы і ў гэты канкрэтны час.

Пасля Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч уручыў сямі навучэнцам дыпломы, якія пацвярджаюць, што яны паспяхова завяршылі курс навучання, а таксама пажадаў усім навучэнцам і выкладчыкам, каб канікулы сталі нагодай дзяліцца Богам з кожным, каго яны сустракаюць.

Іерарх выказаў словы ўдзячнасці адміністрацыі каледжа за клопат аб функцыянаванні навучальнай установы, адпаведнай і ўсебаковай фармацыі навучэнцаў, забеспячэнні як мага лепшых умоваў для набыцця ведаў.

Біскуп таксама падзякаваў выкладчыкам, сярод якіх духоўныя і свецкія асобы, за цэлы год сістэматычнай перадачы ведаў на лекцыях, правядзенне практычных заняткаў і асабістае сведчанне веры.

Абноўлена 29.06.2021 10:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.