5 чэрвеня ў Нясвіжы адзначылі ўрачыстасць Божага Цела, якая ў мясцовай парафіі з’яўляецца адпустовым святам у гонар тытулу касцёла.
У святкаванні узяў удзел Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, які ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы. Разам з іерархам Эўхарыстыю канцэлебравалі нясвіжскі пробашч ксёндз канонік Пётр Шарко і іншыя святары.
Пасля святой Імшы ў касцёле вернікі прайшлі ва ўрачыстай працэсіі па вуліцах, дзе спыняліся каля чатырох сімвалічных алтароў, што былі падрыхтаваныя перад Слуцкай брамай, каля гарадской ратушы, на адным з гарадскіх скрыжаванняў, а таксама непадалёк ад самога касцёла перад будынкам старадаўняй плябаніі. Пры кожным алтары былі прамоўлены малітвы аб абароне горада і яго жыхароў ад хвароб і іншых няшчасцяў, якія шкодзяць людзям.
Шэсце атрымалася вельмі прыгожым і ўрачыстым, аб’яднаўшы ў супольнай малітве і ўшанаванні Найсвяцейшага Сакрамэнту вялікую колькасць вернікаў розных узростаў: ад зусім юных, у белым святочным адзенні, да самых сталых.
Выпадковыя мінакі праводзілі працэсію позіркамі і нават спыняліся разам з вернікамі каля алтароў, рабілі на памяць фота і здымалі відэа.
У прамоўленым Божым слове біскуп Юрый Касабуцкі выказаў пажаданне, каб святло і прыгажосць веры, якія сыходзілі ад святочнага шэсця, закранулі сэрцы і тых людзей, якія былі проста гледачамі, і дапамаглі ім навярнуцца да Бога: да Нябеснага Айца, які любіць усіх людзей.
У межах святкавання адпустовай урачыстасці ў нясвіжскім касцёле была адкрыта выставы здымкаў фатографа Святланы Польскай «Святло душы». У яе працах адлюстраваны розныя падзеі з жыцця парафіі, якая і сёння працягвае пісаць сваю гісторыю.
На здымках гледачы пазнавалі сябе, сваіх блізкіх, а таксама некаторых славутых асоб: князёў Мацея і Мікалая Радзівілаў, арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча…
Фотавыстава «Святло душы» стала своеасаблівым мастацкім дапаўненнем да цудоўнага свята, якое адбылося ў нясвіжскай парафіі.