Ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога ў парафіі Маці Божай у Бялынічах (Магілёўскі рэгіён) распачалася перэгрынацыя копіі абраза Святой Сям’і з санктуарыя святога Юзафа ў польскім Калішы.
Абраз быў асвячаны ў згаданым санктуарыі падчас урачыстай святой Імшы ва ўспамін святога Юзафа рамесніка 1 мая.
Падчас перэгрынацыі абраз будзе перадавацца з дома ў дом.
Вернікі бялыніцкай парафіі просяць заступніцтва святога Абранніка Багародзіцы, молячыся аб умацаванні сем’яў, каб былі моцныя Богам, аб добрым плёне святкавання 260-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Бялыніцкай і 30-годдзя аднаўлення структур Каталіцкага Касцёла, а таксама аб спаўненні Божай волі ў будаванні парафіяльнай святыні.
Кожная сям’я бярэ абраз у свой дом пасля нядзельнай святой Імшы, на працягу тыдня моліцца перад ім і прыносіць у наступную нядзелю, каб перадаць наступнай сям’і.
17–18 верасня ў Бялынічах пройдзе агульнабеларуская ўрачыстасць у гонар 260-годдзя каранацыі папскімі каронамі цудадзейнага абраза Маці Божай Бялыніцкай. Перэгрынацыя абраза Святой Сям’і праходзіць у парафіі ў межах падрыхтоўкі да гэтай падзеі.
Перэгрынацыя чымсьці нагадвае пілігрымку. Але калі ў пілігрымцы людзі самі ідуць да святых месцаў, каб ушанаваць тую ці іншую святыню, то падчас перэгрынацыі адбываецца адваротнае: рэліквіі святых або сакральныя выявы вандруюць з месца на месца і з дома ў дом. Гэта нагадвае вернікам пра тое, што Бог суправаджае іх у штодзённым жыцці на кожным месцы і жадае благаславіць іх жыллё і ўсе іхнія справы.