Пошук

21.05.2021 08:44   Медыйная група пры камісіі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі па аднаўленні Будслаўскай святыні / Фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

19 мая ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай адбылося чарговае пасяджэнне Спецыяльнай камісіі па ліквідацыі наступстваў пажару ў святыні.

Як паведамлялася раней, у складзе камісіі восем асоб, старшыня — біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Пра што ішла гаворка на пасяджэнні, інфармуе сайт Нацыянальнага санктуарыя Budslau.by.

Напачатку біскуп Яшэўскі паведаміў, што правёў сустрэчу ў Міністэрстве культуры, падчас якой былі абмеркаваны сумесныя дзеянні па аднаўленні касцёла.

У размове прадстаўніка Касцёла з міністрам культуры Анатолем Маркевічам абмярковаўліся супрацоўніцтва і дапамога ў хуткім атрыманні адпаведных дазволаў, узгадненняў па такім значным аб’екце, а таксама хадайніцтва аб дапамозе і супольных дзеяннях па рэканструкцыі святыні.

На пасяджэнні групы было вырашана звярнуцца ў замежныя касцёльныя арганізацыі з просьбай аб фінансавай дапамозе, а таксама актывізаваць малітву ў інтэнцыі адбудовы святыні.

Так, у другі дзень кожнага месяца ў Нацыянальным санктуарыі будзе цэлебравацца святая Імша за ўсіх дабрадзеяў і ахвярадаўцаў, хто малітваю, працаю і пасільнымі ахвяраваннямі дапамагае ў адбудове пацярпелай ад пажару базылікі.

На фэсце ў Будславе, які сёлета пройдзе без зменаў, у ноч з 2 на 3 ліпеня старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч будзе цэлебраваць святую Імшу ў інтэнцыі падзякі за захаванне цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай.

У кастрычніку, месяцы малітвы на ружанцы, у парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі штодзённае ружанцовае набажэнства будзе прысвечана адбудове будслаўскай святыні.

У той жа дзень Нацыянальны санктуарый наведаў старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын. Паводле яго, да канца мая спецыялісты павінны даць сваё заключэнне адносна стану святыні, каб мець магчымасць распачаць праектныя працы па адбудове касцёла. Зыходзячы з высноў камісіі, пасля заключэння будзе абраны генпадрадчык для рамонтных работ. Пастаўлена задача распрацаваць праект часовага забеспячэння скляпенняў святыні і на працягу чэрвеня рэалізаваць гэта забеспячэнне.

За тыдзень пасля пажару ў Будславе пры дапамозе кваліфікаваных спецыялістаў валанцёраў практычна расчышчаны ад попелу і тэхнічнага смецця скляпенні, прылеглая тэрыторыя, праведзена папярэдняя прыборка ўнутры касцёла, адбываецца прасушка аргана, алтара, лаваў.

Прыватныя і юрыдычныя асобы ўжо пералічылі на аднаўленне санктуарыя звыш 400 тысяч рублёў. Сума сабраных ахвяраванняў рэгулярна актуалізуецца на сайце Нацыянальнага санктуарыя.

Ацэньваць пашкоджанні святыні і даваць парады па метадах іх вырашэння будзе навукова-вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «Будрэканструкцыя». Навуковым кіраўніком прызначаны Андрэй Карпук. Бліжэйшыя планы: да канца мая даць папярэдняе заключэнне па ацэнцы агнявога ўздзеяння і рэкамендацыі; падрыхтоўка праекціроўшчыкамі дакументацыі для распачацця прац па адбудове святыні.

Абноўлена 21.05.2021 11:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця