Пошук

19.05.2021 22:39   Фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

19 мая старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын наведаў Будслаў, дзе сустрэўся з прадстаўнікамі касцёльнай камісіі па ліквідацыі наступстваў пажару і абмеркаваў планы па адбудове пашкоджанай агнём базылікі на бліжэйшыя месяцы.

Як паведамлялася раней, з панядзелка ў Нацыянальным санктуарыі працуюць спецыялісты НВУП «Будрэканструкцыя». Яны ўжо зрабілі пэўныя высновы і акрэслілі агульную сітуацыю святыні, якая засталася без даху. Таксама на месцы здарэння працягваюць працаваць эксперты следчага камітэту і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, каб выявіць прычыну пажару.

Старшыня аблвыканкама звярнуў увагу на неабходнасць паралельна з дэтальным абследваннем пацярпелага ад пажару касцёла шукаць адказную праектную арганізацыю для распрацоўкі плану яго рэканструкцыі.

Кіраўнік рэгіёну падкрэсліў, што перадусім трэба паклапаціцца пра часовы дах, каб да канца чэрвеня зрабіць праект, якім чынам накрыць будынак.

Аляксандр Турчын зазначыў, што дзяржава, фізічныя і юрыдычныя асобы павінны не выключаць, а дапаўняць адно аднага ў справе аднаўлення касцёла ў Будславе. Старшыня Мінаблвыканкама падзякаваў тым, хто ахвяруе сродкі на адбудову будслаўскай святыні, і запэўніў, што дзяржава таксама не застанецца ў баку.

Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі sede vacante біскуп Казімір Велікаселец ОР са свайго боку падзякаваў прадстаўніку дзяржаўнай улады за клопат і выказаў надзею на плённае ўзаемадзеянне ў справе аднаўлення Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе, які з’яўляецца не толькі важным духоўным цэнтрам, але і выдатным помнікам гісторыі і культуры, нацыянальным набыткам усяго беларускага народа.

У бліжэйшы час эксперты павінны будуць даць заключэнне адносна магчымасці эксплуатацыі часткі будслаўскай базылікі, якая не пацярпела ад пажару.

Гаворка ідзе пра так званы стары касцёл, дзе на час рэканструкцыі санктуарыя маглі б адбывацца набажэнствы з удзелам вернікаў.

Абноўлена 20.05.2021 09:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця