Праз тыдзень пасля пажару ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай спецыялісты прыступаюць да працы па ліквідацыі наступстваў надзвычайнай сітуацыі.
«Калі будслаўскі касцёл застанецца пад дажджом, як было і ў выпадку з Нясвіжскім замкам, то ўсё будзе дрэнна», — падкрэсліў дырэктар НВУП «Будрэканструкцыя» Генадзь Малашук у размове з Арцёмам Ткачуком, валанцёрам Медыйнай групы пры архідыяцэзіяльнай Камісіі па аднаўленні будслаўскай святыні Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Размова была апублікавана на інтэрнэт-старонцы санктуарыя ў Будславе Budslau.by.
— Спадар Генадзь, распавядзіце, калі ласка, пра Вашае прадпрыемства. З якімі аб’ектамі вы працавалі?
— Поўная назва нашай установы — Навукова-вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «Будрэканструкцыя». Мы працуем ужо 30 гадоў. Між іншым, мы займаемся гісторыка-культурнымі аб’ектамі першага класа.
За ўсю гісторыю нашага прадпрыемства мы даследавалі каля пяці тысяч аб’ектаў.
«Будрэканструкцыя» ўжо 20 гадоў працуе на Нясвіжскім замку. Цяпер вось там будзем даследаваць уязную браму, бо з’явіліся трэшчыны. Таксама ў Нясвіжы мы займаліся ратушай і касцёлам Божага Цела.
Нашае прадпрыемства даследавала Жыровіцкі манастыр, Свята-Прэабражэнскую царкву ў Полацку, Чырвоны касцёл у Мінску, касцёл святога Роха ў Мінску і шмат іншых. Таксама мы ўжо шэсць гадоў працуем над даследаваннем Крэўскага замка, шмат гадоў працавалі над Навагрудскім замкам. Займаліся і займаемся палацамі, Брэсцкай крэпасцю, Бабруйскай крэпасцю і шматлікімі іншымі аб’ектамі.
— Калі не памыляюся, вы ацэньвалі пашкоджанні пасля пажару ў Нясвіжскім замку ў 2002 годзе?
— Так, мы рабілі даведку для ўрада. Аднак там наступствы былі на парадак вышэй, чым цяпер у Будславе.
— Ці праўда, што могуць быць праблемы з пошукам адпаведнага дрэва для канструкцый даха будслаўскага касцёла?
— Так, у Беларусі будзе вельмі праблематычна знайсці неабходныя матэрыялы. Можна замаўляць архангельскі ці сібірскі лес, але там будзе вельмі дарагое транспартаванне.
— Калі прыступаеце да працаў у Будславе?
— Мы агледзелі ўсе канструкцыі касцёла яшчэ на мінулым тыдні. Трэба было вызначыцца адносна пагрозы абрушэння. Скляпенні касцёла ў парадку, аднак на купал падымацца нельга.
Да канца мая мы дадзім папярэдняе заключэнне па ацэнцы агнявога ўздзеяння і рэкамендацыі. Потым праекціроўшчыкам спатрэбяцца 3–4 месяцы на падрыхтоўку дакументацыі. Як бачыце, усё будзе гатова пад восень, а там — дажджы, маразы.
Калі будслаўскі касцёл застанецца пад дажджом, як было і ў выпадку з Нясвіжскім замкам, то ўсё будзе дрэнна. Яго трэба тэрмінова накрываць. Цяпер ідзе размова пра часовы дах. Ужо ёсць прапанова як гэта зрабіць з мінімальнымі выдаткамі і найхутчэй па часе, таму што лета ў нас таксама дастаткова халоднае і дажджлівае.
Цяпер таксама вызначаецца навуковы кіраўнік усіх працаў. Хутчэй за ўсё, гэта будзе Карпук Андрэй Міхайлавіч.
Увогуле, у будслаўскага храма ёсць свае праблемы, як у старога чалавека.
Гэта мноства «хваробаў», якія ёсць ужо даўно і ніяк не лечацца. Напрыклад, за тры тыдні да пажару ксёндз Дзмітрый Дубовік звяртаўся да нас наконт даследавання правага нефа. Трэшчыны там былі зафіксаваныя яшчэ 30 гадоў таму.
— Дзякую за размову.