Нягледзячы на тое, што эксплуатацыя пацярпелага ад пажару санктуарыя ў Будславе цалкам забаронена, урачыстасці ў гонар Апякункі Беларусі Маці Божай Будслаўскай пройдуць без зменаў — 2 і 3 ліпеня.
Як паведамлялася раней, 14 красавіка на 80-м пленарным пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі былі вызначаны асноўныя асаблівасці сёлетняга Будслаўскага фэсту, якія яшчэ будуць удакладняцца ў сувязі з наступствамі пажару.
Тым не менш, урачыстасці плануецца правесці ў традыцыйным фармаце, але з захаваннем належных санітарных прадпісанняў і без арганізаваных пілігрымак.
Пры гэтым усе ахвотныя могуць ладзіць пілігрымкі ў індывідуальным парадку. Так было ўжо ў мінулым годзе, калі ўпершыню ў новай гісторыі Будслаўскага фэсту з-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі у Нацыянальны санктуарый не ішлі вялікія арганізаваныя групы пілігрымаў.
Дакладная праграма сёлетніх урачыстасцяў у гонар Маці Божай Будслаўскай будзе ў бліжэйшы час распрацавана і апублікавана на партале Catholic.by.