Kасцёл не можа заставацца нерухомым: ён пакліканы пры ўдзеле кожнай ахрышчанай асобы дзейнічаць як пілігрымуючая супольнасць, якую ажыўляе і падтрымлівае святло і моц Духа Святога. Такімі словамі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч звярнуўся да парафіяльных супольнасцяў у Лідзе і Гудагаі, дзе 15 і 16 мая ўдзяліў вернікам сакрамэнт канфірмацыі.
15 мая сакрамэнт хрысціянскай сталасці з рук іерарха прынялі трыццаць маладых вернікаў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе (Індустрыяльны).
Як паведамляецца на партале grodnensis.by, Перад прыняццем сакрамэнту кандыдаты супольна адказалі, якіх дароў чакаюць ад Бога, і аднавілі абяцанні хросту. Пасля адмысловай малітвы іерарх удзяліў сакрамэнт, робячы знак крыжа на чале кожнага з тых, хто яго прымаў.
Біскуп Аляксандр заклікаў моладзь, узбагачаную сямю дарамі Духа Святога, памнажаць у сабе гэтыя дары, патрэбныя чалавеку для таго, каб мужна вызнаваць веру і жыць паводле яе.
Пасля заканчэння літургіі маладыя людзі падзякавалі іерарху за ўдзяленне сакрамэнту, а сваім душпастырам айцам піярам на чале з пробашчам парафіі айцом Аляксандрам Махначом SP за падрыхтоўку.
16 мая біскуп Гродзенскі наведаў парафію Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гудагаі (Астравецкі дэканат).
У гаміліі іерарх адзначыў, што «чалавек, напоўнены дарамі Духа Святога, можа адказваць на ўсе выклікі, якія перад ім ставіць свет».
Іерарх, удзяліўшы групе вернікаў сакрамэнт хрысціянскай сталасці, пажадаў, каб кожнага з іх Дух Святы ўмацаваў у веры і ўчыніў «больш адкрытымі на праўду і дабро, здольнымі супраціўляцца злу і крывадушнасці, якія, на жаль, заўсёды атакуюць вучняў Хрыста».
«З дапамогай Духа Святога ідзіце адважна гэтай дарогай за ўваскрослым Хрыстом, нашым Панам і Збаўцам, a таксама дазвольце Суцяшыцелю весці сябе», — сказаў біскуп, словы якога прыводзіць партал grodnensis.by.
На заканчэнне ўрачыстасці вернікі на чале з пробашчам гудагайскай парафіі айцом Аркадзем Куляхам OCD падзякавалі іерарху за ўдзяленне сакрамэнту і павіншавалі пастыра з надыходзячай 30-й гадавінай біскупскага пасвячэння.