Пошук

17.05.2021 15:18   Тэкст: Кл. Аляксандр Пятліцкі SCJ / Фота: seminarium.scj.pl, ks. Franciszek Wielgut SCJ, з прыватных архіваў / Catholic.by

15 мая ў касцёле Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў польскіх Стадніках, што пад Кракавам, дапаможны біскуп Кракаўскай дыяцэзіі Дам’ян Мускус OFM удзяліў святарскае і дыяканскія пасвячэнні тром беларусам з законніцкай супольнасці сэрцанаў.

Ва ўрачыстасці ўзялі ўдзел прадстаўнікі сэрцанаў з Беларусі на чале з кіраўніком супольнасці рэгіёна ксяндзом Янам Этэлем SCJ.

Сакрамэнт пасвячэння ў ступені дыяканату прынялі Валерый Пупкевіч і Уладзіслаў Чуйко, сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату — дыякан Генадзь Лаўніковіч.

Перад пасвячэннямі семінарысты выехалі на пяцідзённыя рэкалекцыі ў дом навіцыяту ў Конты Старэ (Свентакшыцкае ваяводства). Духоўныя практыкаванні правёў ксёндз Вітальд Янусь SCJ, магістр навіцыяту, які спадарожнічаў некаторым з кандыдатаў на пачатку семінарыйнага шляху.

«Будзьце Хрыстовымі! — Заклікаў кандыдатаў падчас урачыстай святой Імшы біскуп Дам’ян Мускус OFM, нагадаўшы, што Хрыстус не патрабуе «кіраўнікоў» у Касцёле, якія з зайздрасцю сцерагуць доступ да Яго і вырашаюць, перад кім адкрыць або зачыніць дзверы. —

Наследуйце Хрыста ціхага і пакорнага, бо не ўласныя амбіцыі кіруюць светам».Бацькі і родныя беларусаў, якія з прычыны эпідэміялагічных абмежаванняў не змаглі прысутнічаць на пасвячэннях, ядналіся са сваімі блізкімі дзякуючы прамой трансляцыі.

Супольнасць айцоў сэрцанаў з’яўляецца місійнай, а яе члены пакліканы «быць прарокамі Любові і слугамі паядняння людзей і свету ў Хрысце», таму новапрэзбітэр Генадзь Лаўніковіч SCJ атрымаў асаблівую адзнаку — місійны крыж, які будзе насіць на місіях альбо праводзячы рэкалекцыі.

У хуткім часе святар і дыяканы распачнуць сваё служэнне ў Беларусі.

Ксёндз Генадзь Лаўніковіч SCJ нарадзіўся 7 кастрычніка 1994 годзе ў Варапаеве (Віцебская дыяцэзія), паходзіць з мясцовай парафіі святога Міхала Арханёла. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 2012 годзе распачаў падрыхтоўчы год у супольнасці сэрцанаў на Беларусі, прабываючы ў парафіях і манаскіх дамах у Мазыры, Гродне і Ляхавічах. Навучаўся ў Катэхэтычным каледжы ў Баранавічах. У 2015 годзе распачаў фармацыю ў доме пастулату (Плішчын, каля Любліна). У 2021 годзе скончыў Вышэйшую місійную семінарыю айцоў сэрцанаў у Стадніках (Польшча), абараніўшы магістэрскую працу па кананічным праве.  

Дыякан Валерый Пупкевіч SCJ нарадзіўся 31 жніўня 1995 года, пахозіць з парафіі Беззаганага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Антонія Падуанскага ў Паставах (Віцебская дыяцэзія). У 2021 годзе скончыў Вышэйшую місійную семінарыю айцоў сэрцанаў у Стадніках (Польшча), абараніўшы магістэрскую працу па фундамэнтальнай тэалогіі.    

Дыякан Уладзіслаў Чуйко SCJ нарадзіўся 29 ліпеня 1994 года ў Баранавічах (Пінская дыяцэзія), паходзіць з мясцовай парафіі Узвышэння Святога Крыжа. Пасля выпуску з Ліцэя №1 у Баранавічах паступіў на факультэт кіравання і эканомікі ў Падляскую акадэмію ў Седльцах (Польшча), якую скончыў у 2014 годзе, атрымаўшы ступень ліцэнцыяту. Адчуўшы голас паклікання, у тым жа годзе ўступіў у супольнасць сэрцанаў. Дыякан распачынае апошні год навучання і падрыхтоўкі.

Абноўлена 18.05.2021 09:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця