Пошук

15.05.2021 09:48   А. Яўген Голуб OFMConv / Catholic.by
Фота Віталія Палінеўскага

Пра духоўнае вымярэнне адбудовы апаленай пажарам будслаўскай святыні разважае айцец Яўген Голуб, францішканін.

Увечары прыходзіць плач, а раніцай — радасць

(Пс 30 (29), 6).

«Будслаў гарыць!» Гэтае паведамленне, як маланка, разляцелася сярод католікаў і неабыякавых людзей Беларусі. Фотаздымкі святыні, ахопленай дымам, знаёмыя вуліцы, напоўненыя не радасным спевам пілігрымаў, не іх ціхай малітвай, а трывожным і маўклівым сузіраннем языкоў полымя на даху санктуарыя.

«Беларускі Нотр-Дам» — разнеслася па сацыяльных сетках. І сапраўды: «Нотр-Дам» — наша Пані, Каралева Беларусі. Свядомасць магчымай страты надзвычай жыва нагадала аб каштоўнасці таго, што маем.

На шчасце, Божы Провід праз чалавечыя высілкі захаваў будслаўскую святыню. Сум змяніўся ў дапамогу. Талакою збіраюцца сродкі на адбудову даху, валанцёры дзейнічаюць; не злічыць, колькі людзей яднае малітва ў інтэнцыі аднаўлення касцёла і адраджэння рэлігіянага жыцця ў Будславе.

«Таму так кажа Пан Магуццяў: Звярніце вашыя сэрцы на шляхі вашыя. Падыміцеся на гару, насіце дрэва і будуйце дом, каб Я знайшоў у ім упадабанне і праславіўся» (Аг 1, 7–8).

Святыня — гэта перш за ўсё Божая ўласнасць. Прыгожы і велічны храм, узведзены Саламонам, у выніку трагічных гістарычных падзей быў зруйнаваны. Праз прарокаў Бог запрашае народ да працы, запэўніваючы людзям сваё благаслаўленне падчас адбудовы святыні. Аднак паказвае, што працягласць гэтай працы і яе эфектыўнасць цалкам залежаць ад Яго. Бог не толькі запрашае Ізраэль да адбудовы сценаў: Ён хоча перадусім адбудаваць іх зламаныя сэрцы.

У гэты пасхальны час Касцёл успамінае словы Хрыста, які абяцаў у тры дні адбудаваць святыню свайго Цела. Богу падуладныя час і прастора, старажытныя святыні, існаванне якіх нам здаецца вечнасцю, для Яго — нібы імгненне. Адзіным вечным існаваннем з’яўляецца чалавечае жыццё, таму ў розных кнігах Святога Пісання разам з заклікам да адбудовы месца малітвы мы чуем заклік да навяртання — адбудовы ўласнага вечнага жыцця.

«Таму вы ўжо не чужыя і не прыхадні, але суграмадзяне святых і дамачадцы Бога, умацаваныя на падмурку апосталаў і прарокаў, дзе сам Езус Хрыстус з’яўляецца вуглавым каменем, на якім кожны складзены будынак вырастае як святая святыня ў Пану. У ім і вы разам будуецеся, каб быць жыллём Бога ў Духу» (Эф 2, 19–22).

Бог праз нас і ў нас здзяйсняе цуд адбудовы.

Будслаўская базыліка — «сэрца беларускага каталіцтва» — гэта не толькі муры, алтары, фрэскі якім няма аналагаў, культурнае і гістарычнае багацце народа. Для вернікаў гэта перш за ўсё Божы дом, месца прысутнасці Хрыста і Яго Беззаганнай Маці сярод нас, якое яднае супольнасць Касцёла.

Мы бачым, як штогод вялікая колькасць людзей — маладых і ўжо не вельмі — з заплечнікам пераадольваюць сотні кіламетраў, каб прынесці сюды свае просьбы, падзякі, клопаты і радасці. Іншыя праз штодзённую малітву і духоўную лучнасць могуць адчуць тую самую еднасць з Хрыстом і радасць супольнасці.

«Мы ідзем да Маці!» — можна пачуць напрыканцы чэрвеня на розных беларускіх шляхах. Там дзе Маці — там наш дом. Наш супольны дом, які з Божай дапамогай адбудоўваем.

А Марыя праз гэта здзяйсняе цуд адбудовы еднасці паміж намі — такімі рознымі; адбудовы Божай прысутнасці ў нас і нашай веры ў Яго прысутнасць; адбудовы ўдзячнасці за тое, што маем і надзеі, што здольныя будзем гэта захаваць і цаніць. Адбудовы любові, каб жыццё нашае мела сэнс.

Малітва да Маці Божай Будслаўскай

Маці Божая Будслаўская, наша Пані і Каралева, мы, Твае падданыя, схіляючы пакорна перад Табою галовы, абяцаем, што заўсёды і ўсюды будзем вернымі Богу, Сыну Твайму, нашаму Збаўцы, вернымі Табе і Касцёлу.

З бязмежным даверам аддаем Табе ў апеку нас саміх, нашыя сем’і, нашыя парафіі, нашыя дыяцэзіі, наш Касцёл на Беларусі.

Аддаем Табе ў апеку нашых дзяцей, нашу моладзь і дарослых, асабліва хворых, церпячых, слабых, самотных, старых, пакінутых, сіротаў і ўсіх, каму патрэбныя дапамога, падтрымка і абарона.

Апякунка наша, Каралева наша, дапамагай нам, кіруй намі, апякуйся намі.

Тваёй абароне аддаемся, Святая Багародзіца. Амэн.

Малітва да Маці Божай у цяжкіх сітуацыях

Марыя, Святая Маці Божая, Маці Езуса і наша Маці! Ты ведаеш, што нашае жыццё поўнае малых і вялікіх вузлоў. Мы адчуваем сябе стомленымі, абцяжаранымі і прыгнечанымі ў вырашэнні сваіх праблемаў. Табе аддаёмся, Панна супакою і міласэрнасці. Звяртаемся да Айца праз Езуса Хрыста ў Духу Святым, з’яднаныя з усімі анёламі і святымі. Марыя, укаранаваная вянком з дванаццаці зорак! Ты сваімі найсвяцейшымі нагамі раструшчыла галаву змея, не дазволь нам упасці ў спакусу зла, вызвалі нас ад усялякай залежнасці, разгубленасці і няўпэўненасці. Адары нас сваёю ласкаю і сваім святлом, каб мы крочылі па добрым шляху і маглі бачыць у цемры, якая акружае нас. Маці велікадушная, просім Цябе аб дапамозе.

Пакорна молім Цябе:

  • развяжы вузлы нашых фізічных недамаганняў і невылечных хваробаў. Марыя, пачуй нас!
  • развяжы вузлы нашых унутраных канфліктаў, нашага болю і страху, непрыняцця саміх сябе і нашай рэчаіснасці. Марыя, пачуй нас!
  • развяжы вузлы нашай апанаванасці злым духам. Марыя, пачуй нас!
  • развяжы вузлы, якія існуюць у нашых сем’ях, а таксама ў адносінах з нашымі дзецьмі. Марыя, пачуй нас!
  • развяжы вузлы ў прафесійнай сферы, калі мы не ў стане знайсці годную працу або знаходзімся ў залежнасці працагалізму. Марыя, пачуй нас!
  • развяжы вузлы ў нашай парафіяльнай супольнасці і ў нашым Касцёле – адзіным, святым, каталіцкім і апостальскім. Марыя, пачуй нас!
  • развяжы вузлы, якія існуюць паміж рознымі хрысціянскімі Касцёламі і рэлігійнымі супольнасцямі, адары нас адзінствам і павагаю да разнастайнасці. Марыя, пачуй нас!
  • развяжы вузлы ў грамадскім і палітычным жыцці нашай краіны. Марыя, пачуй нас!
  • развяжы ўсе вузлы нашых сэрцаў, каб мы маглі свабодна і велікадушна любіць бліжніх. Марыя, пачуй нас!

Марыя, Ты развязваеш усе вузлы, якія існуюць у нашым жыцці, маліся за нас да свайго Сына Езуса Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Іншыя малітвы да Маці Божай ТУТ>>>

Абноўлена 15.05.2021 12:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа