10 мая ў парафіі святога Мікалая, біскупа, у Свіры (Мядзельскі дэканат) прайшла сустрэча моладзі, якая рыхтуецца да прыняцця сакрамэнту канфірмацыі.
Аднадзённую рэкалекцыйную сустрэчу арганізавалі і правялі для юнакоў і дзяўчат сястра Людвіка Суравікіна з Кангрэгацыі Дачок Марыі Беззаганнай і семінарыст Павел Пагасай, які знаходзіцца ў свірскай парафіі на душпастырскай практыцы.
Разам з групай кандыдатаў у сустрэчы удзельнічалі таксама іх старэйшыя сябры, якія ўжо раней прынялі сакрамэнт хрысціянскай сталасці.
Падчас сустрэчы юнакі і дзяўчаты засяродзіліся над сяброўствам з Езусам у дзвюх тэматычных канферэнцыях.
Яны разам маліліся і спявалі, разважалі над урыўкамі са Святога Пісання, а таксама бавілі час у актыўных гульнях на паветры. Кульмінацыяй сустрэчы стаў супольны ўдзел у святой Імшы.