Сёлетні май ва ўсім каталіцкім свеце па жаданні Папы Францішка стаў часам марыйнай малітвы аб спыненні каранавірусу. Кожны маёвы дзень у розных санктуарыях свету праводзіцца ружанцовае набажэнства, а веруючыя яднаюцца з гэтымі святымі месцамі праз трансляцыю.
У спіс гэтых 30 санктуарыяў беларускі Нацыянальны санктуарый у Будславе не быў уключаны.
Але, паводле драматычных абставін, 11 мая гэтая святыня стала сэрцам агульнабеларускай малітвы да Маці Божай Будслаўскай — апякункі Беларусі: касцёл гарэў.
Гарэла святыня, куды штогод веруючыя ідуць са сваімі просьбамі і падзякамі. Святыня, дзе перад абразом Божай Маці адбыліся шматлікія навяртанні, тысячы заручын, прабачэнняў і прызнанняў. Святыня, у якой немагчыма адчуваць сябе не дома.
Будслаўская святыня — сэрца Касцёла нашай краіны — за гадзіны пажару, якія, здавалася, цягнуліся вечнасць, прыкавала да сябе ўсхваляваныя позіркі і сэрцы беларусаў.
Кожны веруючы, там, дзе знаходзіўся ў гэты час, засяродзіўся на малітве, а многія неабыякавыя адразу выправіліся ў Будслаў.
Агонь патушылі, хоць пажарныя на працягу ўсяго дня пільна працавалі над дахам — тлелі кроквы.
Ніхто з людзей не пацярпеў. Напружанне адпусціла. І можна было б, урэшце, супакоіцца, але, як і заўсёды бывае ў падобныя моманты, у думках праносіцца: а што далей? Сумнае відовішча папялішча, перад якім нескладана апынуцца ў сваіх думках і малітвах, само дае адказ: Бог заклікае не стамляцца ў малітве, Бог паказвае, праз чыё заступніцтва шукаць паратунку.
Бог заклікае супольнымі сіламі адбудоўваць не толькі гэтую святыню, але і веру беларускага народа, хрысціянскую Беларусь.
Маці Божая Будслаўская, апякунка Беларусі, маліся за нас.