Пошук

10.05.2021 11:50   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Уладзіслаў Зарэцкі ASC / Catholic.by

У нядзелю 9 мая ў касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла ў Жупранах (Ашмянскі дэканат) адбылася святая Імша падзякі за 80 гадоў жыцця і ахвярнае служэнне ксяндза Юзафа Занеўскага, салезіяніна. Цэлебрацыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Святкаванне адбылося ў парафіяльным касцёле, дзе з 1982 па 1991 год ксёндз Юзаф быў пробашчам і адрадзіў рэлігійнае жыццё пасля дзесяцігоддзяў атэістычнага пераследу.

Важнасць падзеі і значнасць асобы ксяндза Юзафа для каталіцкай Беларусі падкрэслівала прысутнасць на свяце пяці іерархаў Каталіцкага Касцёла: арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, біскупаў Аляксандра Кашкевіча, Юзафа Станеўскага, Аляксандра Яшэўскага SDB і Юрыя Касабуцкага. Прыбылі таксама сабраты салезіяне, сёстры салезіянкі, святары і вернікі з навакольных парафій.

Шматлікіх удзельнікаў урачыстай святой Імшы прывітаў Рэгіянальны настаяцель беларускіх салезіянаў ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB.

Божае слова падчас Імшы прамовіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У гаміліі іерарх засяродзіўся на збаўчым вымярэнні святарскага служэння, якое асабліва яскрава праявілася ў жыцці ксяндза Юзафа Занеўскага SDB.

Нагадаўшы пра вялікія складанасці, якія таму давялося пераадолець, каб у часы ваяўнічага атэізму пайсці за голасам паклікання, арцыпастыр адзначыў:

«Мэта стаць святаром перамагла ўсе перашкоды і неўпэўненасць. Пасля адмысловай чалавечай, духоўнай, інтэлектуальнай і пастырскай фармацыі, а таксама салезіянскай у духу харызмы святога Яна Боско, у 1978 годзе ён атрымаў святарскае пасвячэнне і вярнуўся на радзіму, дзе савецкія ўлады яго не чакалі з распасцёртымі рукамі і не хацелі бачыць», — сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч. Ён дадаў, што ксёндз Юзаф ніколі не адступаў перад цяжкасцямі і не губляў надзеі, і гэта прынесла добры плён.

«Ксёндз Юзаф Занеўскі прымаў актыўны ўдзел у жыцці Касцёла на Беларусі, які паволі распачынаў адраджацца. <…> Падчас служэння на радзіме ва ўсёй паўнаце праявіліся як яго пастырскія, так і арганізацыйныя здольнасці. Шмат намаганняў ён прыклаў для вяртання і рамонту касцёлаў у наваколлі, з якіх у першую чаргу неабходна згадаць касцёлы святога Міхала Арханёла ў Ашмянах і Смаргоні. Ён клапаціўся пра пакліканні да святарства і кансэкраванага жыцця. Шмат у чым дзякуючы яму адрадзілася і ўмацавалася салезіянская супольнасць у нашай краіне, якая распачала сваю дзейнайсць у 1921 годзе і перарвалася з-за Другой сусветнай вайны і атэістычнага пераследу», — сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Першы ў пасляваеннай гісторыі Беларусі каталіцкі біскуп звярнуў увагу і на тое, як рупліва ксёндз Юзаф Занеўскі адраджаў цалкам знішчанае рэлігійнае жыццё ў Маскве, куды прыбыў па яго запрашэнні.

«Са згоды кіраўніцтва салезіянскай супольнасці, 30 гадоў таму я прызначыў яго пробашчам катэдральнай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. <…> Маскоўская катэдра была падзелена на чатыры паверхі: на першым была фабрыка, на трох іншых — розныя праектныя арганізацыі. Тэрыторыя каля катэдры была завалена розным смеццем. Ксёндз Юзаф, аднак, не адчайваўся і пачаў цэлебраваць святыя Імшы ў нядзелю на сходах катэдры.

Гэта было нешта новае: у Маскве — цэнтры атэістычнага рэжыму — на адкрытым паветры цэлебруецца Эўхарыстыя. Было складана, дождж, снег і люты мароз. Але адначасова гэта была евангелізацыя, бо далёкія ад веры людзі цікавіліся і прыходзілі», — зазначыў іерарх.

Ён дадаў, што ў «ліхія 90-я» вяртанне катэдры было справай вельмі складанай і небяспечнай (ксяндзу Юзафу нават пагражалі забойствам), але настойлівы салезіянін і тут не адступіў перад цяжкасцямі, а праз пэўны час апаганеная святыня зноў стала Божым домам. Пры гэтым арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў, што ксёндз Юзаф праявіў сябе як паспяховы душпастыр у працы з моладдзю, а таксама ў клопаце пра так званую «цяжкую» моладзь. Шмат у чым дзякуючы яму ў Расіі паспяхова развівалася дзейнасць салезіянскай супольнасці. Заслугі святара, нарэшце, былі прызнаныя і ўладамі, якія іх адзначылі дзяржаўнай узнагародай.

«Ідзе час, мінаюць гады, змяняюцца пробашчы, але ў памяці людзей, асабліва маскоўскіх і беларускіх католікаў, ксёндз Юзаф пакінуў не адзін помнік адраджэння веры пасля трох пакаленняў ганенняў. Гэта адбудаваная маскоўская катэдра і касцёлы на Беларусі, гэта добра арганізаванае душпастырства, гэта адраджэнне і развіццё салезіянскай манаскай супольнасці, гэта клопат пра выхаванне моладзі на хрысціянскіх каштоўнасцях і шмат іншага», — падкрэсліў арцыпастыр.

Сваю гамілію ён завяршыў кароткай малітвай-пажаданнем:

«Ксёндз Юзаф, свой 80-гадовы юбілей ты адзначаеш у Год святога Юзафа. Няхай праз заступніцтва твайго нябеснага апекуна Бог благаславіць цябе ў далейшым жыцці і служэнні Касцёлу. Няхай адорыць сваімі дарамі і ласкамі. Няхай будзе тваёй надзеяй. Няхай прыклад твайго служэння дапаможа маладым людзям адчуць прыгажосць паклікання да святарства і кансэкраванага жыцця».

Падчас урачыстасці было абвешчана, што біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч прызначыў ксяндза Юзафа Занеўскага, салезіяніна, ганаровым канонікам катэдральнага капітулу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра.

Дзякуючы святару за шматгадовае ахвярнае служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі, іерарх пажадаў яму Божага благаслаўлення і шчодрых ласкаў на службе Хрыстоваму Касцёлу.

Ад імя салезіянскай супольнасці Беларусі ксяндза Юзафа павіншаваў яе Рэгіянальны настаяцель ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB:

«Сучасная салезіянская Беларусь мае сваю легенду — гэта Вы, шаноўны ксёндз Юзаф. Вы наш легендарны герой: Юзаф Занеўскі, салезіянін, святар. Ваш неверагодны подзвіг паклікання ў часы атэізму і рэлігійнай варожасці вучыць нас, нягледзячы на перашкоды і цяжкасці, ісці заўсёды наперад — у кірунку Неба!», — сцвердзіў салезіянскі настаяцель.

Салезіяне падаравалі сабрату 80 руж і кананічныя шаты. З віншаваннямі і пажаданнямі звярнуліся таксама і астатнія біскупы, святары, сёстры і вернікі.

Ксёндз канонік Юзаф Занеўскі SDB, са свайго боку, шчыра падзякаваў усім за супольную малітву, а таксама выказаў надзею на тое, што і надалей будзе мець магчымасць ісці па жыцці разам з паплечнікамі і з малітоўнай падтрымкай.

 

Абноўлена 01.02.2022 16:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця