Пошук

06.05.2021 09:09   Падрыхтаваў: Кс.Артур Ляшнеўскі SDB / Фота: з асабістага архіву ксяндза Юзафа Занеўскага SDB / Catholic.by

10 мая спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння ксяндза Юзафа Занеўскага, салезіяніна, чыё пакліканне і служэнне стала новым стартам салезіянскай прысутнасці ў Беларусі.

2021 год для беларускіх салезіянаў асаблівы. Перадусім з той прычыны, што 100 гадоў таму ў мястэчка Дварэц на Дзятлаўшчыне прыбыў першы салезіянін, які прынёс харызму святога Яна Боско на землі нашай Бацькаўшчыны.

Першыя крокі салезіянскай кангрэгацыі на тэрыторыі сучаснай Беларусі былі даволі плённымі: сталярская і шавецкая школа, інтэрнат для сіротаў, два араторыі, тры парафіі, місійная семінарыя непадалёк ад Івацэвічаў…

Аднак духоўнае і сацыяльнае служэнне людзям было гвалтоўна перарвана бязбожным савецкім рэжымам, які ў 1939 годзе быў усталяваны на ўсёй тэрыторыі Беларусі, несучы з сабой спусташэнне, пераслед і знішчэнне ўсяго добрага, высакароднага і чалавечнага.

У такіх умовах духоўныя сыны святога Яна Боско не маглі працягваць дзейнасць. Некаторыя былі вымушаны выехаць за мяжу, але некаторыя засталіся, каб адважна, часам нават рызыкуючы жыццём, несці святло Евангелля Хрыста мясцовым вернікам. Апошнім «даваенным» салезіянінам на Беларусі быў ксёндз Ян Такарскі SDB, які служыў у Ракаве. Яго смерць у 1974 годзе цалкам перарвала прысутнасць салезіянаў у нашай краіне.

Гэтую часовую пустку запоўніў Юзаф Занеўскі — малады хлопец з Гродзеншчаны, які адчуў пакліканне да служэння ў шэрагах салезіянаў ксяндза Боско.

Яго рашэнне стаць салезіянінам адрадзіла надзею, што харызма і справа святога Яна Боско на нашай зямлі не памрэ.

Юзаф Занеўскі прыйшоў на свет 10 мая 1941 года ў сям’і Яна і Марыі Занеўскіх у Заневічах, што на Гродзеншчыне. Ён быў перадапошнім з васьмі дзяцей. Сям’я жыла з земляробства, як і большасць у тыя часы.

Юзаф скончыў чатыры класы ў Заневічах, а потым вучыўся у Літвінках, за тры кіламетры ад дома. Пасля заканчэння дзявятага класа юнак пачаў працаваць у калгасе.

Юзаф з дзяцінства быў міністрантам, яго брат Вацлаў быў сакрыстыянінам, а дзве стрыечныя сястры і родная сястра Тэрэза ўступілі ў Кангрэгацыю Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта ў Гродне.

Гэта — яскравы доказ таго, што Занеўскія былі пабожнымі людзьмі і выхоўвалі дзяцей згодна з законам Божым.

Пасталеўшы, Юзаф Занеўскі адчуў таямнічы голас Бога, які клікаў яго стаць Хрыстовым святаром. Малады хлопец, бачачы закрытыя касцёлы і духоўна згаладалых людзей, пажадаў выправіць вялікую памылку тых, хто ў імя нялюдскай савецкай ідэалогіі ваяваў з Богам; ён жадаў адраджаць веру і хрысціянскія каштоўнасці, без якіх чалавек папросту дзічэе.

Аднак пайсці за голасам паклікання ў той час было вельмі няпроста. Семінарыі ў Беларусі не было, а выехаць за мяжу было амаль немагчыма.

Але праз пэўны час, у 1962 годзе, маладому чалавеку была дадзена цудоўная падказка. Таксама, як і яго нябесны апякун святы Юзаф, ён атрымаў яе ў сне.

Як расказваў сам будучы святар, неяк ён сасніў сваю сястру Тэрэзу, якая пасля закрыцця кляштару выйшла замуж, нарадзіла сына і пры родах памерла. У сне памерлая сястра сказала Юзафу, што для таго, каб стаць святаром, яму трэба выехаць у Польшчу, і навучыла, як гэта зрабіць. Яна параіла брату знайсці ў суседняй краіне сваякоў, якія мелі дачку Галіну, і заключыць з гэтай дзяўчынай грамадзянскі шлюб.

Гэта была адзіная на той час магчымасць трапіць за мяжу. Пазней фіктыўныя грамадзянскія адносіны былі б ліквідаваныя, і Юзаф змог бы прысвяціць сваё жыццё служэнню Богу.

Так і зрабілі: спачатку Галіна прыехала ў Беларусь і распісалася з Юзафам, а потым выслала яму запрашэнне, што дало магчымасць атрымаць дазвол на выезд да жонкі. У 1963 годзе ён прыехаў у Беласток, дзе грамадзянскі шлюб быў скасаваны.

Але на гэтым выпрабаванні не скончыліся, і для Юзафа Занеўскага распачаўся шлях распазнання таго, дзе Бог хоча яго бачыць.

У Польшчы малады чалавек сутыкнуўся з многімі цяжкасцямі. Ён звяртаўся ў дыяцэзіяльную семінарыю ў Варшаве, у кляштар айцоў паўлінаў у Чэнстахове і канвентуальных францішканаў у Непакалянаве, але паўсюль сустракаў адмову. На маладога чалавека з СССР глядзелі з вялікай падазронасцю, бо лічылі, што лепш праявіць асцярожнасць і не прымаць у касцёльныя структуры магчымага савецкага шпега і супрацоўніка адпаведных органаў.

Калі адзін са святароў, які служыў у Беластоку, даведаўся аб складанай сітуацыі Юзафа Занеўскага, ён параіў яму паехаць у Чэрвінск на Вісле, дзе знаходзіўся салезіянскі навіцыят. Юзаф прыехаў туды на свята Божага Нараджэння. Кандыдата сустрэў ксёндз Францішак Пытэль SDB, які, пачуўшы гісторыю маладога чалавека з Беларусі, не раздумваючы, сказаў яму неадкладна прыязджаць у навіцыят і запэўніў, што там ён будзе прыняты.

Будучы салезіянін звольніўся з завода, дзе да гэтага працаваў, і 27 чэрвеня 1964 года далучыўся да супольнасці духоўных сыноў ксяндза Яна Боско.

Юзаф Занеўскі завяршыў навіцыят 2 жніўня 1965 года, прынёс першыя манаскія абяцанні на тры гады і застаўся як салезіянін каад’ютар на нейкі час у Чэрвінску, працуючы на гаспадарцы. 16 жніўня 1968 года ён аднавіў манаскія абяцанні на наступныя тры гады ў Кутне. Па просьбе былога інспектара ксяндза Юзафа Струся SDB у 1969 годзе Юзаф Занеўскі скіраваўся ў Глоскава, дзе ўзяў пад сваю апеку салезіянскую гаспадарку. 11 ліпеня 1971 года ён прынёс вечныя абяцанні ў Пшыленкаве, а пасля сыходу каад’ютара Юзафа Касёрка ў 1972 годзе выконваў абавязкі кіроўцы інспектара ў Лодзі.

У Беларусі па-ранейшаму не хапала святароў. Тагачасны Гродзенскі дэкан ксёндз Міхал Арановіч ведаў, што Юзаф Занеўскі стаў у Польшчы законнікам, і пачаў пісаць лісты кардыналу Стэфану Вышынскаму з просьбай, каб салезіяніна скіравалі назад на Беларусь, дзе ён мог бы служыць як душпастыр. Прымас Вышынскі звярнуўся да тагачаснага салезіянскага інспектара ксяндза Станіслава Стырны SDB з просьбай, каб як мага хутчэй падрыхтаваць Юзафа Занеўскага да сакрамэнту пасвячэння.

Увесь працэс павінен быў адбывацца ў таямніцы. Каад’ютар Занеўскі адразу распачаў падрыхтоўку, за якую адказваў сам інспектар. Працягваючы выконваць свае абавязкі ў інспектараце, малады законнік часта вучыўся па дадзеных яму падручніках па тэалогіі ў машыне.

Святарскае пасвячэнне адбылося 7 ліпеня 1978 года ў прыватнай капліцы пры катэдры святога Яна Хрысціцеля ў Варшаве ў поўнай таямніцы, пры зачыненых знутры дзвярах.

Пасвячэнне Юзафу Занеўскаму ўдзяліў тагачасны Генеральны сакратар польскага епіскапату біскуп Браніслаў Вацлаў Дамброўскі.

Пасля вяртання ў Беларусь 15 ліпеня 1978 года ксёндз Юзаф пасяліўся ў Гродне, дзе пачаў патаемна дапамагаць ксяндзу Міхалу Арановічу ў парафіі Адшукання Святога Крыжа, спавядаючы вернікаў. Каб утаіць свой духоўны стан, ксёндз Юзаф у жніўні 1978 года пачаў працаваць на гарадскім бровары, што побач з касцёлам.

Аднак ужо ў верасні гэтая канспірацыя правалілася: «падпольнага» ксяндза ўбачылі пры цэлебрацыі Эўхарыстыі ў гродзенскім пабэрнардынскім касцёле.

У той самы час памёр пробашч парафіі ў Гервятах, што на Астравеччыне. Моцная парафіяльная супольнасць неаднаразова звярталася да ўлады і прасіла даць дазвол на служэнне новага святара. Каб супакоіць людзей і пазбавіцца ад маладога святара ў Гродне, улада пачынае весці перамовы з дэканам аб пераводзе салезіяніна.

У выніку з 1978 па 1982 год ксяндзу Юзафу давялося несці служэнне ў Гервятах і адначасова духоўна апекавацца вернікамі парафіі святога Міхала Арханёла ў Міхалішках.

З 1982 па 1991 год салезіянін быў пробашчам у Жупранах. У гэты час ён ездзіў цэлебраваць Імшы таксама ў касцёле святога Якуба ў Цудзенішках і ў капліцы Найсвяцейшага Імя Марыі ў Гародніках.

Жупранскі перыяд быў асабліва плённым: натоўпы людзей у касцёле, урачыстыя працэсіі, катэхеза, праца з моладзю…

Вядома, што гэта моцна раздражняла бязбожныя савецкія ўлады. За актыўную душпастырскую дзейнасць святара неаднаразова штрафавалі, прыніжалі, выклікалі на сходы і допыты. Аднак салезіяніна «зламаць» ім не ўдалося, і парафія ў Жупранах квітнела і развівалася.

З часам ксёндз Юзаф пачаў цэлебраваць святую Імшу не толькі ў дзеючых святынях, але і «пад дзвярыма» зачыненых касцёлаў.

Ён разам з вернікамі дабіваўся вяртання канфіскаваных камуністычнай уладай святыняў на тэрыторыі сённяшняй Гродзенскай дыяцэзіі.

Намаганнямі руплівага святара зноў сталі дзейнічаць касцёлы святога Міхала Арханёла ў Ашмянах, святога Яна Хрысціцеля ў Гальшанах, святога Міхала Арханёла ў Смаргоні, Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дайлідках і Найсвяцейшай Тройцы ў Данюшаве. Дзякуючы яму была адроджана парафія святога Яна Хрысціцеля ў Аславенятах, дзе ў святыню быў ператвораны будынак былой пажарнай часткі.

Пасля дзесяці гадоў душпастырскай працы ксёндз Юзаф Занеўскі развітаўся з вернікамі ў Жупранах.

Ён пакінуў парафію па просьбе біскупа Тадэвуша Кандрусевіча, прызначанага ў 1991 годзе арцыбіскупам у Маскву, каб дапамагаць яму ў адраджэнні Каталіцкага Касцёла ў Расіі.

Спачатку ксёндз Юзаф заснаваў парафію і дабіваўся вяртання вернікам зачыненага касцёла ў Саратаве, а 15 ліпеня 1991 года быў прызначаны побашчам адроджанай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Маскве. Разам з вернікамі 2 лютага 1996 года яму ўдалося вярнуць апаганеную савецкімі ўладамі неагатычную святыню на вуліцы Малой Грузінскай, якая ў 2002 годзе была абвешчана катэдрай і сёння, як і ў мінулыя часы, зноў захапляе ўсіх сваёй вытанчанай прыгажосцю.

Хоць большую частку свайго плённага святарскага жыцця ксёндз Юзаф Занеўскі прысвяціў служэнню ў Расіі, аднак ён стаў для беларускіх салезіянаў новым стартам і новай надзеяй на тое, што сэрца і справа святога Яна Боско на нашых землях будзе жыць і далей, дорачы радасць і Божы аптымізм маладым людзям, якія шукаюць у жыцці сапраўдных непрамінальных каштоўнасцяў.

 

 

Абноўлена 06.05.2021 13:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.