Пошук

03.05.2021 10:33   Тэкст: Дар’я Семянько / Фота: Рыта Ляховіч / Catholic.by

1 мая ў магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава, якая з’яўляецца юбілейным касцёлам у Год святога Юзафа, адбылася адпустовая святая Імша.

Цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці Аляксандр Яшэўскі SDB. У адпустовай урачыстасці ўзялі ўдзел святары, кансэкраваныя асобы і шматлікія вернікі Магілёўшчыны.

У казанні біскуп Яшэўскі нагадаў, што культ святога Юзафа пачаў распаўсюджвацца галоўным чынам дзякуючы святой Тэрэзе Авільскай і святому Францішку Сальскаму. Па просьбе айцоў Першага Ватыканскага Сабору Папа Пій Ⅸ абвясціў святога Юзафа Апекуном паўсюднага Касцёла.

«Цалкам лагічна, каб апякун Езуса быў таксама апекуном містычнага цела Хрыста — святога Касцёла, і клапаціўся аб яго патрэбах, ахінаючы сваім магутным заступніцтвам»,

— адзначыў іерарх.

Як падкрэсліў біскуп Аляксандр, кожны святы з’яўляецца заступнікам у той ці іншай патрэбе, але культ святога Юзафа распаўсюджаны па ўсім свеце. Чаму ж Касцёл абраў яго сваім асаблівым апекуном?

«У Назарэце ў сэрцы святога Юзафа расла надзвычайная любоў да Боскага Дзіцяці. Бог, які робіць усё з мудрасцю, надзяліў яго ўсімі дарамі і якасцямі, каб ён мог годна выконваць місію Апекуна Божага Сына», — патлумачыў біскуп.

Духоўныя аўтары адзначаюць, што ў Евангеллях не ўзгадваецца ніводнага слова, якое прамовіў cвяты Юзаф. Але усё ж такі, як падкрэсліў іерарх, ён сказаў слова, больш важнае за ўсе іншыя.

«У Евангеллі паводле cвятога Мацвея мы чытаем пра сон, у якім анёл абвясціў Юзафу пра нараджэнне Месіі: „Абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана, і прыняў жонку сваю, і не спазнаў Яе, пакуль не нарадзіла сына, якому ён даў імя Езус“ (Мц 1, 24–25). У дзень абразання, калі бацька павінен быў даць імя дзіцяці, святы Юзаф даў імя Богу-Дзіцяці.

Такім чынам, тое, верагодна, прамоўленае ім слова — гэта „Езус“. Прамовіўшы „Езус“, святы Юзаф сказаў усё, бо імя Езус пралівае святло на ўсе таямніцы; гэта слова, якім чалавецтва жыве і будзе жыць да канца часоў», — дадаў біскуп Аляксандр.

Як адзначыў іерарх, усё жыццё святога Юзафа заключалася ў сузіранні і дзеянні: «Сузіранне — гэта ступень малітвы, якая характарызуецца невымоўнай сувяззю Бога з душой, якая робіць душу любячай.

Хто ж лепш за святога Юзафа, акрамя Марыі, пазнаў гэтыя зносіны, гэты саюз з Богам, які стаў чалавекам?!» — усклікнуў біскуп Аляксандр.

Ён дадаў, што  другой важнай часткай жыцця святога Юзафа з’яўлялася дзеянне: «Дастаткова адкрыць Евангелле, дзе мы знойдзем апісанне мноства складаных дзеянняў: выпрабаванні, якія папярэднічалі нараджэнню Езуса, дарога ў Бэтлеем, уцёкі ў Егіпет дзеля ўратавання жыцця Нованароджанага, штодзённая праца ў майстэрні на працягу многіх гадоў і шмат іншага. І ўсё ж такі адчуваецца нейкая пэўнасць, што сярод усіх гэтых клопатаў святы Юзаф, засяроджаны на Богу, заставаўся чалавекам маўчання і таямніцы, якога нішто ні на імгненне не магло адарваць ад лучнасці з Богам».

На заканчэнне іерарх заклікаў прысутных па прыкладу святога Юзафа працаваць і жыць з Езусам, нічога не прадпрымаючы без Яго: простае і складанае, цікавае і знясільваючае — усё рабіць у Ім, разам з Ім і праз Яго. Замест таго, каб уцякаць ад працы, рабіць яе дрэнна, скардзіцца, марыць аб выдатнай працы для самарэалізацыі, што, па словах іерарха, з’яўляецца чыстай утопіяй і супярэчыць словам Бога ў Кнізе Быцця, трэба імкнуцца працаваць з Езусам.

«Кожную раніцу будзем давяраць Яму свой дзень, прасіць у Яго святла і дапамогі ў складаных для нас справах, у тым, што для нас крыўдна і няправільна. Будзем прасіць Яго, каб выпраўляў зламанае, а таксама яднаў нашы цярпенні са сваёй справай Збаўлення і сваім крыжам», — падсумаваў Аляксандр Яшэўскі.

Абноўлена 03.05.2021 10:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця