Пошук

29.04.2021 11:07   Кс. Францішак Рудзь / Catholic.by

28 красавіка ў мінскай саборнай мячэці адбылася міжрэлігійная моладзевая сустрэча. Ініцыятарам мерапрыемства выступіла Мусульманскае рэлігійнае аб’яднанне ў Рэспубліцы Беларусь.

У сустрэчы ўзялі ўдзел маладыя людзі розных веравызнанняў — католікі і праваслаўныя, юдэі і мусульмане. Каталіцкую моладзь суправаджаў ксёндз канонік Францішак Рудзь, пробашч мінскай парафіі Маці Божай Будслаўскай.

У гэтыя дні мусульмане ўсяго свету перажываюць Рамадан — святы месяц абавязковага посту.

У мусульманскай традыцыі гэта час, калі вернікі стараюцца праяўляць не толькі стрыманасць, але і высокія маральныя якасці, міласэрнасць і дабрыню, што спрыяе яднанню грамадства, дапамагае задумацца над памылкамі і прабачыць крыўды.

Каталіцкая моладзь Мінска ўжо не ўпершыню брала ўдзел у міжрэлігійнай сустрэчы. Касцёл у Беларусі заўсёды імкнуўся да мірнага рэлігійнага добрасуседства і падтрымкі шматвекавых традыцый талерантнасці.

Візіт каталіцкай моладзі ў мячэць стаў свайго роду сімвалам працягу традыцыі, закладзенай 20 гадоў таму святым Янам Паўлам II. Пантыфік 6 мая 2001 года прыбыў у Вялікую мячэць Дамаска, пабудаваную ў VIII стагоддзі на месцы, дзе святы апостал Павел перажыў навяртанне. Згодна са старажытным паданнем, у гэтай мячэці захоўваецца галава святога Яна Хрысціцеля, якога як прарока ўшаноўваюць і мусульмане. Тады ў Дамаску святы Ян Павел ІІ заклікаў хрысціянаў і мусульманаў да ўзаемнай павагі і цярпімасці, а таксама нагадаў, што адносіны паміж дзвюмя рэлігіямі павінны будавацца на дыялогу.

Мусульманскія вернікі, у сваю чаргу, падчас посту імкнуцца сустракацца з людзьмі, да якіх яны адчуваюць цёплыя пачуцці, падзяляюць з імі пасілкі, якія падчас Рамадану можна спажываць толькі пасля заходу сонца.

Падчас вячэры моладзь пазнаёмілася з традыцыямі Рамадана, даведалася рэцэпты прыгатавання посных страў і аб правілах іх спажывання.

Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі далейшыя перспектывы міжрэлігійнага супрацоўніцтва сярод моладзі, распавялі пра планы ў галіне рэлігійнай асветы ў сваіх парафіях і супольнасцях.

Абноўлена 29.04.2021 11:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.