Пошук

28.04.2021 10:30   Паводле: Grodnensis.by

25 красавіка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў капуцынскую пустэльню ў Пераломе каля Гожы, непадалёк ад мяжы з Літвой, дзе ўзначаліў адпустовую ўрачыстасць у гонар святога Юрыя.

Як паведамляе Grodnensis.by, пастыр Касцёла на Гродзеншчыне разам з меншымі братамі капуцынамі цэлебраваў святую Імшу ў невялікай драўлянай капліцы, дзе нават няма электрычнасці. У святыні на беразе Нёмана, якая ажывае практычна двойчы на працягу года — у адпустовыя ўрачыстасці святога Юрыя і Найсвяцейшага Імя Марыі, — сабраліся вернікі.

Карэнных жыхароў у Пераломе засталося вельмі мала: тут пераважна знаходзяцца дачнікі. Але ў гэты дзень на свята прыбылі вернікі, для якіх важнае гэтае месца.

Як зазначаюць яны самі, у пустэльні асаблівым чынам адчуваецца Божая прысутнасць, а лясныя мясціны, дзе знаходзіцца капліца, спрыяюць засяроджанню і малітве ў духу святога Францішка.

На ўрачыстасць прыбылі браты капуцыны з Докшыц, пераадолеўшы 350 кіламетраў, каб памаліцца ў месцы, якое лічыцца «калыскай» іх манаскай супольнасці ў Беларусі. Менавіта ў Пералом на пачатку мінулага стагоддзя прыйшлі першыя на нагшых землях капуцыны, якія ў 1930-х гадах пабудавалі тут драўляны кляштар. Браты пастаянна жылі ў Пераломе да 1955 г., а апошні з іх, брат Крыспін, жыў у пустэльні, калі там ужо не было ні касцёла, ані кляштара, да 1984 г.

Сёння на месцы кляштара драўляная капліца, узведзеная намаганнямі тутэйшых вернікаў у 1990-я гады, і невялікі дом-пустэльня, які тутэйшыя жыхары і дачнікі называюць «капуцынавай хатай».

Ад старога касцёла засталіся фундамент, сутарэнні і вялікі крыж, які стаіць на пагорку. На месцы ўваходу ў ранейшую святыню знаходзіцца помнік з надпісам, які паведамляе, што тут былі кляштар і касцёл капуцынаў.

Падчас Імшы ў гонар святога Юрыя біскуп Аляксандр Кашкевіч заахвоціў вернікаў да асаблівай малітвы за святароў і аб новых пакліканнях да служэння ў Касцёле, бо ў гэтую нядзелю ў паўсюдным Касцёле адзначаўся Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях.

Божае слова прамовіў пробашч парафіі ў Докшыцах брат Віталь Бандаронак OFMCap, які казаў пра тое, як важна адкрыцца для Бога, які заўсёды звяртаецца да чалавека.

Святар заклікаў даручаць усе свае клопаты Пану, які здольны нават самыя вялікія пакуты перамяніць у радасць.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.