У красавіку працягнула сваю працу біблійная школа «Профэтэс» пры парафіі святога Міхала Арханёла ў Навагрудку.
Заняткі па вывучэнні Святога Пісання для ўсіх ахвотных, якія праходзілі з 16 па 18 красавіка, адбыліся ў горадзе Міцкевіча ўжо ў чацвёрты раз. Незвычайны праект стартаваў у студзені па ініцыятыве пробашча навагрудскай парафіі святога Міхала Арханёла ксяндза Юрыя Жэгарына. Яго назва Προφήτης, узятая з грэчаскай мовы, азначае «Прарок».
Праект сабраў у Навагрудку лепшых касцёльных спецыялістаў па Бібліі ў нашай краіне.
У красавіку заняткі тут праводзілі, між іншым, ксёндз Аляксандр Мацкевіч, доктар біблійнай тэалогіі, выкладчык Міждыяцэзіяльнай вышэйшіай духоўнай семінарыі і Тэалагічнага каледжу святога Казіміра ў Гродне, і ксёндз Валерый Марціноўскі, доктар біблійнага тэалогіі, выкладчык Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне і духоўны айцец Віцебскай дыяцэзіі.
Карэспандэнт парафіяльнай газеты Фаіна Малюжэнец запыталася ў біблійных багасловаў пра іх бачанне гэтай евангелізацыйнай ініцыятывы.
Кс. Аляксандр Мацкевіч:
— Слухачы школы маюць вельмі добрае прагненне — пазнаваць Святое Пісанне.
Біблія — слабое месца многіх каталікоў: звычайна людзі знаёмыя з ёю павярхоўна. Таму лічу, што біблійная школа вельмі патрэбная.
Тут добрыя слухачы, уважлівыя, зацікаўленыя ў вывучэнні Бібліі. Вядома, што школа для свецкіх людзей мае сваю спецыфыку. У семінарыі студэнты вучаць Біблію па праграме навучання, больш глыбока і дэтальна. Для свецкіх людзей немагчыма выкладаць Святое Пісанне ў такім аб’ёме. Але, на маю думку, заняткі ў школе для свецкіх таксама дастаткова грунтоўныя і змястоўныя.
Відаць, што слухачы знаёмыя са Святым Пісаннем, любяць яго, сістэматычна чытаюць, папросту жывуць Бібліяй. Ва ўсялякім разе, у мяне склалася такое ўражанне. Радуюся, што ёсць людзі, зацікаўленыя словам Божым, гатовыя прысвяціць час і старанні, каб яго яшчэ лепей пазнаць.
Кс. Валерый Марціноўскі:
— Я ўжо ў другі раз праводжу тут заняткі і бачу зацікаўленасць слухачоў. Але адначасова бачу і розны ўзровень іх падрыхтоўкі. Самае складанае для выкладчыка — усвядоміць, што перад табой не навукоўцы.
Я таксама не адразу ведаў Біблію: цалкам яе прачытаў толькі ў семінарыі. У школе ж некаторыя са слухачоў нават цытуюць Святое Пісанне, яны свядома слухаюць яго.
Біблія — гэта невычэрпная кніга. Таму са слухачамі школы на працягу года будзем сістэматычна працаваць над яе вывучэннем: чытаць, разбіраць і г.д.
Запісацца ў біблійную школу «Профэтэс» можна па тэлефоне +375 (44) 771 99 83, або даслаўшы ліст на электронны адрас: nowogrudec@gmail.com.