З 22 па 24 студзеня ў рэкалекцыйным цэнтры пры касцёле Міхала Арханёла ў Навагрудку адбылася першая сустрэча слухачоў «Біблійнай школы «Профэтос»» (з гр. — прарок). Мэтай гэтых заняткаў з’яўляецца дапамога хрысціянскім вернікам лепш разумець і глыбей пазнаць Божае слова, каб навучыцца штодзённа жыць ім.
У сустрэчы ўдзельнічала некалькі дзясяткаў чалавек з розных куткоў Беларусі.
На ёй закраналіся тэмы: «кім ёсць Пан Бог?», «малітва як зварот да Таго, каго я ведаю», «мой Бог, якога я распазнаю праз стыль жыцця Езуса з Назарэта», «Добрая Навіна (Евангелле) Езуса Хрыста як канчатковае слова Найвышэйшага». Гэтыя тэмы дапамагалі раскрыць доктар пастырскай тэалогіі кс. Юрый Жэгарын, доктар біблейскай тэалогіі кс. Валерый Марціноўскі, ліцэнзіят пастырскай тэалогіі кс. канонік Юрый Санько і стаматолаг Васіль Шутаў, які больш за 20 гадоў самастойна вывучае Святое Пісанне.
Акрамя таго, удзельнікі разглядалі дакладны экзэгезіс нядзельнага Божага слова, працавалі са Святым Пісаннем у групах, дзе творчая і сяброўская атмасфера спрыяла плённай працы.
Таксама ў межах сустрэчы адбывалася святая Імша, а на заканчэнне дня — выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Праграма «Біблійнай школы» ў Навагрудку разлічана на год, заняткі будуць адбывацца кожны месяц. На іх запрашаюцца ўсе жадаючыя.