«Духоўны напамін» — новая рубрыка на нашым партале, у якой будуць змяшчацца разважанні аўтарытэтных асоб на розныя тэмы духоўнага жыцця ў асабістым вымярэнні і ў супольнасці Касцёла. Аўтар першага матэрыялу новай рубрыкі — арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Разважанне арцыпастыра, які стаў першым каталіцкім біскупам на нашых землях пасля доўгіх дзесяцігоддзяў ганенняў на веру і сёлета адзначыць 40-годдзе святарскага пасвячэння, прысвечана нядзелі Добрага Пастыра. Яна традыцыйна адзначаецца ў Касцёле ў Чацвёртую Велікодную нядзелю разам з Сусветным днём малітваў аб пакліканнях і прыпадае на 25 красавіка.
Дарагія браты і сёстры!
Чацвёртая Велікодная нядзеля ў Каталіцкім Касцёле называецца нядзеляй Добрага Пастыра і прысвечана разважанням пра пакліканне да святарства і кансэкраванага жыцця. Назва гэтай нядзелі паходзіць ад таго, што Хрыстус у сённяшнім Евангеллі называе сябе Добрым Пастырам (пар. Ян 10, 11). Такім добрым пастырам павінен быць кожны святар.
Сёння Касцёл адзначае Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях, бо як сусветны Касцёл, так і Касцёл на Беларусі патрабуе святароў і кансэкраваных асоб.
Аб гэтым мы павінны памятаць асабліва цяпер, калі адзначаем 30-годдзе адраджэння іерархічных структур Каталіцкага Касцёла ў нашай Бацькаўшчыне.
Касцёл не будзе развівацца і не зможа дзейнічаць без святароў. У выкананні сваіх заданняў абвяшчэння Божага слова і настаўлення, асвячэння людзей праз цэлебрацыю сакрамэнтаў і кіравання імі праз служэнне ў любові яны дзейнічаюць ад імя і моцаю Езуса Першасвятара. Ніхто не можа іх замяніць, бо не існуе на зямлі іншага чалавека, які мог бы сказаць у сакрамэнце пакаяння: «я адпускаю табе тваe грахі», або, цэлебруючы Эўхарыстыю: «гэта Маё Цела, гэта Мая Кроў»… Таму місія святара незаменная.
Аднойчы ў Чацвёртую Велікодную нядзелю пэўны святар даў заданне міністранту і папрасіў яго крэйдай напісаць на дошцы словы рэфрэну псальму: «Пан — пастыр мой, ні ў чым не буду мець нястачы». Але дошка была малой, і ўсе словы маглі не змясціцца, таму святар сказаў міністранту: «Напішы толькі „Пан — пастыр мой“, і досыць». Перад Імшой святар быў заняты і не паглядзеў, што напісаў міністрант. Калі ж падчас Імшы настаў час псальму, святар нямала здзівіўся, пачуўшы, як вернікі спявалі рэфрэн: «Пан — пастыр мой, і досыць».
Зразумела, што міністрант проста не так зразумеў святара. Але гэта была, калі так можна сказаць, «благаслаўлёная памылка». Падобна да таго, як у літургіі Пасхальнай вігіліі віна Адама называецца шчаслівай, так і ў гэтым выпадку памылка міністранта з’яўляецца шчаслівым выразам нашай веры. Сапраўды: ведаць, што Езус з’яўляцца нашым пастырам, больш чым дастаткова, каб натхняцца жыць згодна з патрабаваннямі нашай веры.
Езус з’яўляецца Добрым Пастырам і ахвяруе сваё жыццё за народ — гэта значыць за Касцёл. У гэтым праяўляецца клопат Бога пра чалавека.
Калі мы ўважліва слухаем чытанні, якія Касцёл прапануе нашай увазе ў велікодны перыяд, то ў нас нараджаецца новая надзея. У гэтых чытаннях гучыць думка аб тым, што Езус не толькі аберагае нас у цёмныя хвіліны нашага жыцця, але таксама сцвярджаецца, што Ён ахвяраваў сваё жыццё за нас. Ці можа быць любоў, большая за гэту? Не!
У сваім першасным значэнні слова пастыр азначае «пастух». Жыццё пастуха ў біблійныя часы было звязана з пэўным самаахвяраваннем. Яго праца заключалася ў пільнай уважлівасці і блізкасці да статку авечак. Пастыр кожны вечар прыводзіў іх у аўчарню. Гэта быў двор, абнесены круглым каменным мурам з праёмам або дзвярыма, куды ўваходзілі авечкі. Калі авечкі былі ўсярэдзіне, пастух спаў у гэтым праёме, так што авечкі самастойна не маглі пакінуць месца начлегу. Гэта азначае, што яны былі ў бяспечным месцы.
У біблійнай сімволіцы Езус — гэта брама, і кожны, хто ўваходзіць праз яе, будзе ў бяспецы: будзе свабодна ўваходзіць і выходзіць і будзе ўпэўнены, што знойдзе пашу. Іншыя крадуць, забіваюць і нішчаць, а Езус, Добры Пастыр, сцеражэ свой статак і забяспечвае яго існаванне.
Пастух застаецца са сваім статкам усё жыццё. Ён ведае кожную авечку паасобку. Кожную называе па імені і можа распавесці асабістую гісторыю кожнай з іх: калі і дзе яна нарадзілася, якія праблемы мела ў жыцці, яе асабістыя характарыстыкі і г.д. Ён улічвае індывідуальныя патрэбы кожнай з іх. Ён ведае, якая з іх можа згубіцца, і таму шукае яе і нясе на сваіх руках.
Калі на авечак нападуць ваўкі ці злодзеі, ён, рызыкуючы жыццём, змагаецца, каб іх абараніць. Ён той добры пастыр, які аддае жыццё за сваіх авечак.
Таму і Езус з поўным правам называе сябе Добрым Пастырам, які аддае жыццё дзеля збаўлення людзей.
Езус таксама запрашае нас удзельнічаць у клопаце пра статак Божага народа. Ён кліча некаторых людзей да пастырскага служэння на ягоным жніве ў якасці святара. Гэтыя людзі пакліканы асаблівым чынам удзельнічаць у жыцці і дзейнасці Езуса Добрага Пастыра.
Малады чалавеча, сёння, калі Езус цябе кліча да святарства ці кансэкраванага жыцця, не рабі жорсткім свайго сэрца, адкажы на Божы заклік, як адказала Марыя, як адказаў ганіцель хрысціянаў Саўл, каб стаць апосталам Паўлам, як адказалі тысячы і тысячы людзей на працягу двухтысячагадовай гісторыі хрысціянства, каб стаць добрымі пастырамі свайго часу. З гэтым заклікам я звяртаюся да вас, маладыя людзі, у год, калі 31 мая буду адзначаць 40-годдзе майго святарскага пасвячэння.
Пакліканне да святарства, паводле святога Яна Паўла ІІ, — гэта дар і таямніца.
Дар пакліканаму і людзям, да якіх ён пасланы. Аб гэтым дары марылі нашыя продкі тры пакленні падчас жорсткіх ганенняў на веру. Мараць і сёння, бо жніво вялікае, а работнікаў мала (пар. Лк 10, 2).
Гэта таямніца, бо невядома чаму і як Бог выбірае таго ці іншага чалавека да святарства ці кансэкраванага жыцця. Я таксама не ведаю, чаму ён выбраў мяне. Я быў паспяховым інжынерам і перада мной адкрывалася добрая перспектыва, але аднойчы я выйшаў з Вострай Брамы падчас урачыстасцяў Апекі Божай Маці Міласэрнасці і сказаў: іду ў семінарыю.
Калі ў Расіі ў 1993 годзе я адкрыў духоўную семінарыю, то адзін з кандыдатаў распавёў гісторыю свайго паклікання. Ён скончыў Маскоўскі інжынерна-фізічны ўніверсітэт, дзе рыхтуюць фізікаў ядзершчыкаў. Быў няверуючым. Але аднойчы вечарам праходзіў па Лубянцы і ўбачыў цікавы будынак, у якім гарэла святло. Гэта быў адзіны ў тыя часы дзеючы ў Маскве каталіцкі касцёл святога Людвіка. Увайшоў. Нічога не разумеў з таго, што там адбывалася, але нешта змянілася ў яго душы. У выніку пазней сам прыняў хрост, паступіў у семінарыю, стаў святаром і паспяхова служыць людзям. Ён казаў, што там яго чакаў Бог.
Езус мяне чакаў у Вастрабрамскім санктуарыі, каб там пераканаць, што кліча да выключнага служэння алтара. У выніку гэтае служэнне мне давялося несці ў Літве, Беларусі, Расіі і зноў у Беларусі…
Сёння я дзякую Богу за такі лёс, які быў нялёгкім, але шчаслівым.
Дзякуючы Божаму Провіду мне давялося распачынаць адраджэнне Касцёла на Беларусі і потым у Расіі, а пазней зноў працягваць на Бацькаўшчыне. Бог дазволіў быць не толькі сведкам вялікіх спраў, якія ён здзяйсняе, але і ўдзельнікам гэтага працэсу.
Маладыя людзі мараць быць шчаслівымі, і гэта натуральна. Ці я, які так рэзка змяніў сваё жыццё, бо з інжынера стаў святаром, шчаслівы?.. Так, вельмі!
З перспектывы 40-годдзя святарскага служэння, з якога 32 гады прыпадае на біскупскае, я звяртаюся да цябе, малады чалавеча ХХІ стагоддзя, выхаваны ў лічбавым асяродзі. Памятай аб тым, што ёсць яшчэ і «духоўны інтэрнэт», і ты можаш як святар стаць яго «правайдэрам», каб яднаць чалавека, які шукае шчасця, з яго адзінай крыніцай — Богам. Англійскае слова «правайдэр» сугучна з беларускім словам «правадыр», а святар павінен быць правадыром Божага народа — добрым пастырам на ўзор Езуса.
Гэта вельмі важна ў наш час, калі сучасны свет адмаўляецца ад Бога і калі аддае перавагу новай рэлігіі, якой з’яўляецца свецкі гуманізм.
Ён адмаўляе рэлігійную веру ў Бога, а таксама веру ў існаванне звышнатуральнага свету і сцвярджае, што этычныя нормы паводзін чалавека вынікаюць толькі з яго рацыянальнага розуму.
Такое меркаванне вельмі небяспечнае, бо, як кажа вядомы каталіцкі публіцыст ХІХ–ХХ стагоддзяў Гілберт Чэстэртан, калі чалавек перастае верыць у Бога, то можа паверыць ва ўсё.
Таму свецкі гуманізм — гэта светапогляд, прыняты людзьмі, якія даволі скептычна адкідаюць рэлігію і веру ў Бога, але пры гэтым занадта слабыя, бо шукаюць нешта такое, што магло б замяніць рэлігію.
У той жа час трэба памятаць, што гуманізм без Бога і маральных каштоўнасцяў не зможа вырашыць нашых праблем і адказаць на небяспечныя выклікі часу. Адказ на іх дае вера, якую ўмацоўваюць святары праз абвяшчэнне Божага слова, цэлебрацыю сакрамэнтаў і кіраванне Божым народам праз служэнне яму.
Хрыстус чакае адказу «так» ад кожнага пакліканага.
Ён кліча столькі, сколькі патрэбна. Аднак у бездухоўным гомане сучаснага свету малады чалавек не заўсёды чуе голас паклікання і таму не адказвае на яго. Таму неабходна маліцца аб пакліканнях.
У сёлетнім Пасланні на Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях Святы Айцец Францішак, згадваючы Год святога Юзафа, піша: «Першыя словы, якія святы Юзаф пачуў у сне, былі заахвочваннем не баяцца, бо Бог верны сваім абяцанням: „Юзэфе, Сыне Давіда, не бойся“ (гл. Мц 1, 20). „Не бойся“, — гэта словы, якія Пан адрасуе і табе, дарагая сястра, і табе, дарагі браце, калі, нягледзячы на няўпэўненасць і ваганні, ты адчуваеш, што ўжо не можаш адкладаць жаданне аддаць сваё жыццё Яму.
Гэта словы, якія Ён паўтарае табе, калі там, дзе ты знаходзішся, магчыма сярод цяжкіх перажыванняў і непаразуменняў, з усіх сіл змагаешся, каб кожны дзень выконваць Яго волю. Гэта словы, якія адкрываеш нанава, калі на шляху паклікання вяртаешся да сваёй першай любові.
Гэта словы, якія, як рэфрэн, суправаджаюць тых, хто сваім жыццём кажа Богу „так“, як суправаджалі святога Юзафа ў штодзённай вернасці яго пакліканню».
Марыя, Маці святароў, і святы Юзэфе, нябесны Апякун Касцёла, выпрасіце ўсім пакліканым да святарства і кансэкраванага жыцця ласку распазнання паклікання і станоўчага адказу на яго, каб яны сталі сучаснымі добрымі пастырамі, былі шчаслівымі і дапамагалі іншым стаць такімі ў гэтым свеце, які загубіўся і не можа знайсці дарогі да шчасця.
З благаслаўленнем, Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мінск, 13 красвіка 2021 г., 30-ая гадавіна адраджэння іерархічных структур Каталіцкага Касцёла на Беларусі