У гэтым годзе на 25 красавіка прыпадае IV Велікодная нядзеля, якая таксама называецца нядзеляй Добрага Пастыра, а з 1964 года — Сусветным днём малітваў аб пакліканнях.
Дзень малітваў аб пакліканнях, як паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, адзначаецца штогод па ініцыятыве Паўла VI, які прыняў рашэнне, каб адна з нядзеляў велікоднага перыяду была прысвечана малітве аб пакліканнях да святарства і манаскага жыцця.
Гэта быў адказ Папы на крызіс у Касцёле, адной з праяваў якога было зніжэнне пакліканняў — як сярод мужчын, так і сярод жанчын.
Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях упершыню адзначаўся 12 красавіка 1964 года. Кожны год з нагоды гэтага дня Пантыфік скіроўвае да вернікаў сваё пасланне. У мясцовых Касцёлах ладзяцца адмысловыя малітоўныя сустрэчы, дыскусіі і канферэнцыі.