Пошук

14.04.2021 18:14   Catholic.by

14 красавіка ў Мінску прайшло 80-е пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, прымеркаванае да 30-годдзя адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне.

У пасяджэнні ўзялі ўдзел усе беларусія іерархі і Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Прысутнічаў таксама арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які пасля выхаду на пенсію і адыходу ад пастырскага кіраўніцтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй працягвае выконваць шэраг функцый у структуры ККББ, у адпаведнасці з яе Статутам.

На пачатку пасяджэння яго ўдзельнікі памаліліся за здароўе Апостальскага візітатара для беларускіх грэка-католікаў архімандрыта Сяргея Гаека, які нядаўна быў шпіталізаваны з пнеўманіяй ў адну з мінскіх бальніц, а таксама за ўсіх хворых на каранавірус і медыцынскіх работнікаў.

Да прысутных звярнуўся Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч, які прадставіў актуальны стан эпідэміялагічнай сітуацыі ў свеце і падыходы, якія прапануе Святы Пасад на падставе выказванняў Папы Францішка адносна вакцынацыі.

Удзельнікі пасяджэння ўважліва выслухалі Апостальскага нунцыя і пацвердзілі сваю прыхільнасць раней выдадзеным распараджэнням і рэкамендацыям па пытанні захавання санітарных норм у сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй.

Галоўным пунктам павесткі 80-а пленарнага пасяджэння стала абранне новага Старшыні, пасада якога вызвалілася пасля выхаду на пенсію арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў сувязі з дасягненнем ім 75-гадовага ўзросту.

У выніку галасавання новым Старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі быў абраны біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Намеснікам Старшыні быў абраны біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Генеральным сакратаром ККББ быў абраны дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які застаецца старшынёй Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў і Рады па справах экуменізму, быў абраны таксама старшынёй Камісіі па справах агульнага пастырства пры ККББ.

Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі правядзенне сёлетняга Будслаўскага фэсту. Было вырашана, што традыцыйныя ўрачыстасці ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай пройдуць 2 і 3 ліпеня ў звычайным фармаце, з захаваннем належных санітарных прадпісанняў і без правядзення арганізаваных пілігрымак. Ахвотныя могуць ладзіць пілігрымкі ў індывідуальным парадку.

Дэвіз Будслаўскага фэсту 2021 года — «Маці Касцёла, маліся за нас».

Для адзначэння 30-годдзя ўтварэння Мінска-Магілёўскай Мітраполіі і адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, а таксама 260-й гадавіны каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Бялыніцкай папскімі каронамі было вырашана правесці агульнанацыянальную ўрачыстасць у Бялынічах (Магілёўская вобласць), якая пройдзе 17–18 верасня. У межах урачыстасці плануецца правесці сімпозіум, а таксама шэраг набажэнстваў і цэлебрацый з удзелам вернікаў і іерархаў Касцёла ў Беларусі.

Плануецца, што чарговае пасяджэнне беларускага епіскапату пад кіраўніцтвам новага Старшыні пройдзе 10 лістапада.

Абноўлена 03.05.2021 17:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа