Публікуем тэкст ліста Апостальскага Нунцыя ў Рэспубліцы Беларусь арцыбіскупа Антэ Ёзіча ад 13 красавіка гэтага года, скіраванага Апостальскаму адміністратару sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупу Казіміру Велікасельцу, у якім прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне віншуе вернікаў Мінска-Магілёўскай правінцыі Касцёла з 30-годдзем аднаўлення касцёльных структур на Беларусі.
Ваша Эксцэленцыя,
У сувязі з 30-годдзем устанаўлення Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і аднаўлення структур Каталіцага Касцёла ў Беларусі прыміце мае шчырыя віншаванні, якія ў Вашай асобе я кірую біскупам, святарам, законнікам і законніцам, а таксама ўсім вернікам мясцовага Касцёла.
30 гадоў таму Папа святы Ян Павел ІІ булай Ex quadam упарадкаваў рэлігійнае жыццё на гэтых землях, дзе духавенства і вернікі доўгія дзесяцігоддзі цярпелі пераслед за сваю веру і далі сведчанне непахіснай вернасці Хрысту і Яго Касцёлу сярод жорсткіх выпрабаванняў.
За тры дзесяцігоддзі, што мінулі з таго часу, Касцёл у Беларусі адрадзіўся і сёння па праве ганарыцца добрым плёнам евангельскай руплівасці яго шматлікіх дачок і сыноў: свецкіх вернікаў, кансэкраваных асоб і духоўных пастыраў.
З нагоды гадавіны аднаўлення касцёльных структур жадаю даручанаму Вашай пастырскай апецы Касцёлу Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі далейшага развіцця і паспяховага ажыццяўлення місіі абвяшчэння Евангелля ўсяму стварэнню ва ўзлюбленай Беларусі. Няхай гэты адданы і верны Божы народ узрастае пад Матчыным заступніцтвам Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай і будзе захаваны ад усялякага зла пад магутнаю абаронаю святога Арханёла Міхала, нябеснага Апекуна Мінска-Магілёўскай касцёльнай правінцыі.
Абяцаю сваю малітву ў гэтай інтэнцыі, а таксама прашу Вас, Ваша Эксцэленцыя, і ўсіх беларускіх вернікаў маліцца за Святога Айца, Папу Францішка, а таксама за мяне, прадстаўніка Папы на гэтай дарагой яму зямлі, акропленай крывёю шматлікіх сведкаў веры.
Карыстаюся нагодай, каб даручыць Ваша пастырскае служэнне ў Касцёле заступніцтву Беззаганнай Панны Марыі і запэўніць у маёй павазе да Вашай Эксцэленцыі,
Ваш у Хрысце,
Арцыбіскуп Антэ Ёзіч,
Апостальскі Нунцый у Беларусі
Мінск, 13 красавіка 2021 г.