3 і 4 красавіка, у Вялікую суботу і ў нядзелю Змёртвыхпаўстання, Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB узначаліў урачыстыя цэлебрацыі ў касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску.
У гамілі ў Вялікую суботу пастыр разважаў пра сэнс вялікай падзеі ўваскрасення Пана. Як адзначыў іерарх, ахвяра Хрыста была неабходная для таго, каб выправіць наступствы першароднага граху.
«Гэта мог зрабіць толькі Езус — сапраўдны Бог і чалавек сапраўдны, — падкрэсліў біскуп Аляксандр. — Ён усклаў на свае плячы цяжар нашага зла. Будучы без граху, Ён прынёс сябе ў ахвяру: быў прыбіты да крыжа рукамі людзей, прыбіты да крыжа з любові да кожнага з нас».
Іерарх нагадаў, што падчас літургіі святой ночы каталіцкая супольнасць аднаўляе абяцанні хросту: выракаючыся сатаны, кожны нанава абвяшчае сваю веру ў Бога.
«Гэтай радаснай ноччу мы не можам забываць пра тых, хто адышоў ад Касцёла. Нас яднае адзін хрост, мы маем адну веру з мільёнамі мужчын і жанчын, якія на працягу стагоддзяў, нярэдка церпячы пераслед, аддана захоўвалі каштоўны скарб веры і перадалі яго нам, — сцвердзіў біскуп Аляксандр. — Таму важна, каб велікодным агнём, агнём пасхала, працягвалі гарэць не толькі свечкі, але і нашы сэрцы — у кожнай сям’і, у кожным доме, у кожнай супольнасці. Свет мае вялікую патрэбу ў гэтым агні, і толькі мы можам даць яго свету!»
Велікоднай нядзельнай раніцай біскуп Яшэўскі звярнуўся да ўдзельнікаў Рэзурэкцыі: «Якой жа прыгожай будзе спадчына тых, хто верыў у Хрыста, хто пакутаваў разам з Ім! Святло, якое сыходзіць ад крыжа, асвятляе ўсіх, хто суцяшаў сваёй вернасцю Езуса ў муках».
Іерарх, разважаючы пра няпростыя выбары, перад якімі, падобна Понцію Пілату, неаднойчы апынаецца чалавек, заклікаў «ніколі не вагацца»:
«У любых абставінах найлепшае — стаць на бок Бога! Гэта адзінае, што можа забяспечыць нам, нават ужо тут, на зямлі, трывалы мір і шчасце!»
«Хрыстус выйшаў з магілы пераможцам над Яго ворагамі. Так будзе і з Яго Касцёлам. Будзем мужнымі вучнямі! Будзем заставацца на варце любові і вернасці!» — заклікаў пастыр.
На заканчэнне іерарх звярнуўся да вучэння святога апостала Паўла і нагадаў, што хрысціянін мае ўдзел не толькі ў цярпеннях Хрыста, але і ў Яго суцяшэнні.
Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці пажадаў католікам Бабруйска і ўсім удзельнікам набажэнства Божага супакою, святла і надзеі.