4 красавіка, у вялікую ўрачыстасць Уваскрасення Пана, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю Рэзурэкцыі ў старадаўняй магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава.
Прывітаўшы ўдзельнікаў святой Імшы велікодным воклічам, іерарх нагадаў, што словы «Хрыстус Уваскрос!» з’яўляюцца праўдай і падмуркам хрысціянскай веры, бо, «калі б Хрыстус не ўваскрос, пра Яго ўсе даўно забыліся б».
«Нягледзячы на шматлікія ганенні на хрысціянства і Касцёл, Хрыстус застаецца на старонках гісторыі, — дадаў арцыпастыр. — Наша краіна перажыла тры пакаленні ганенняў на веру. Езуса выганялі з зямлі, ахрышчанай больш за дзевяць стагоддзяў таму, і імкнуліся перамяніць яе ў палігон атэізму. Аднак стаўся цуд. Як Езус уваскрос на трэці дзень пасля крыжовай смерці, так і Касцёл у Беларусі адраджаецца пасля трох пакаленняў пераследу».
30 гадоў таму, у фацімскі дзень 13 красавіка 1991 года, у Беларусі былі адноўлены іерархічныя касцёльныя структуры.
«Фацімскае прароцтва Марыі з далёкага 1917 года, які стаў для нас цывілізацыйнай катастрофай, пачало рэалізоўвацца, — сцвердзіў іерарх. —
Таму сёлета мы святкуем асаблівую Пасху — Пасху 30-гадовага юбілею ўваскрашэння Касцёла ў Беларусі і таксама на Магілёўшчыне, дзе Касцёл быў асуджаны на смерць.Адраджэнне іерархічных структур Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне дало новыя магчымасці для адраджэння і развіцця духоўнасці».
Іерарх узгадаў пачатак 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі адбываўся «бум навяртанняў, а мы былі ап’янелыя ад нечакана здабытай свабоды веравызнання». Аднак потым, як дадаў арцыпастыр, стала зразумела, што так званы homo sovieticus — «выхаваны на ідэях атэізму савецкі чалавек» — працягвае жыць.
Арцыбіскуп Кандрусевіч звярнуў таксама ўвагу на ўплыў ідэалогій на сучаснае грамадства, якія нясуць новую сістэму каштоўнасяў без Бога.
Сярод іх ідэалогія роўнасці аднаполых саюзаў з традыцыйнай сем’ёй, ідэалогія веры ва ўсемагуцце навукі, ідэалогія адмаўлення існавання чалавечай душы і сумлення, ідэалогія імкнення да матэрыяльных каштоўнасцяў і амаральных прыемнасцяў як найвышэйшага дабра, ідэалогія культуры без духоўнага складніку, адмаўленне існавання канчатковых рэчаў — неба, чыстца і пекла.
«Ці ёсць выйсце з такой складанай сітуацыі? Нават калі нам здаецца, што ўсё страчана, пахавана ў закрытай вялікім камнем магіле секулярызму і маральнага рэлятывізму, аднак у святле праўды ўваскрасення Езуса застаецца надзея», — сцвердзіў арцыбіскуп.
«У гэты радасны дзень перамогі Езуса над грахом, смерцю і злым духам, звяртаемся да цябе, уваскорслы Хрыстэ.
Узглянь на нас міласціва, дай надзею на лепшае заўтра, на ўваскрашэнне нашае і нашай Бацькаўшчыны да новага жыцця ў тваёй ласцы, каб у нашых душах і краіне запанаваў дух узаемнай любові, прабачэння і так патрэбнага міру. Хрыстус Уваскрос!» — памаліўся іерарх на заканчэнне гаміліі.