3 красавіка арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю Пасхальнай вігіліі ў старадаўняй магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава.
Разважаючы над зместам літургіі слова велікоднай урачыстасці іерарх звярнуў увагу на цемру світання, духоўную цемру, якая ахінула чалавецтва пасля смерці Божага Сына, і цемру, у якой апынуўся Езус, калі Яго паклалі ў магілу і завалілі камнем.
«Магіла — гэта знак смерці. У ёй знаходзяцца парэшткі памерлага чалавека. Але ў выпадку Езуса яна аказалася пустой. У месцы, дзе жанчыны міраносіцы павінны былі сустрэць смерць, яны пачулі пра ўваскрасенне — ссустрэлі жыццё.
Вестка пра ўваскрасенне Езуса з’яўляецца самай важнай навіной усіх часоў. Яна ўзбударажыла свет дзве тысячы гадоў там, узбударажвае і цяпер, і мае вялікі ўплыў на нас», — сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч.
«Гісторыя публічнай дзейнасці Езуса распачалася ў Галілеі. Там Ён паклікаў апосталаў. Там іх навучаў. Там здзейсніў шмат цудаў. Там таксама пажадаў сустрэцца з імі пасля ўваскрасення, — працягваў іерарх. —
Нашае жыццё ў Божай ласцы распачалося ў Касцёле. Гэта наша Галілея. Тут нас у Святым Пісанні, сакрамэнтах, а перш за ўсё ў Эўхарыстыі, чакае Езус, каб здзейсніць цуд нашага духоўнага і грамадскага уваскрашэння».
Як адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш, гісторыя збаўлення паказвае прыклады вернасці Богу і адрачэння ад яго, падобна як і жыццё чалавека напоўнена супярэчнасцямі: «смерць і жыццё знаходзяцца побач».
«Аднак Божая моц праяўляецца ў слабасці. Таму ўсе складанасці нашага жыцця — гэта выклік для нас, каб нават у самых складаных крызісах не страчваць надзеі на лепшае заўтра. А гэта надзея ва Уваскрослым Хрысце», — адзначыў іерарх.
«Кожная, нават вельмі балючая рэальнасць, павінна быць напоўнена жыццём. Нам неабходна адсунуць камяні, якія закрываюць уваход да жыцця. Часам мы не можам гэтага зрабіць самі, і нам патрэбна дапамога. А часам мы павінны дапамагчы іншым. У святле праўды пра Уваскрасенне Хрыста трэба памятаць, што жыццё ёсць нават там, дзе яго вельмі цяжка ўбачыць. Але яно ёсць, бо ў Езусе жыццё перамагае смерць», — падкрэсліў арцыбіскуп.
Іерарх нагадаў пра пакліканне хрысціянаў быць удзельнікамі ўваскрасення Езуса:
«Для гэтага мы павінны адсунуць грахоўныя камяні, якія не дазваляюць нам жыць у стане Божай ласкі, што з’яўляецца гарантыяй мірнага жыцця і вырашэння ўсіх нашых праблем.Гэта вельмі важна для сучаснай Беларусі, якая перажывае грамадска-палітычны крызіс, які ўзмацняецца дэмаграфічным і эканамічным. Прычына ўсіх праблем — жыццё, нязгоднае з Божым законам».
Як сцвердзіў іерарх, актуальная сітуацыя можа нагадваць касмічную чорную дзіру без выйсця, «аднак праўда ўваскрасення Езуса вучыць, што гэта не так»: «Калі Езус Уваскрос, то і мы ўваскрэснем. Як кажа святы апостал Павел, — кожны ў свой час».