Пошук

23.03.2021 11:46   кс. кан. Францішак Рудзь / Catholic.by

22 сакавіка арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і ксёндз канонік Францішак Рудзь наведалі вечарыну памяці мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева), Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.

Мерапрыемства прайшло ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

Дата памятнай вечарыны была прымеркавана да дня нараджэння спачылага Патрыяршага Экзарха, які нарадзіўся 21 сакавіка 1935 года.

Мітрапаліт Філарэт адышоў у вечнасць 12 студзеня 2021 года на 86-м годзе жыцця пасля працяглай хваробы. Ушаноўваючы памяць Ганаровага Мітрапаліта і яго шматграннае жыццё, без рэшты прысвечанае служэнню Богу і братам, вернікі з цеплынёю ў сэрцы ўспомнілі свайго спачылага іерарха.

З пранікнёным словам да запрошаных гасцей, якія сабраліся ў гэты сакавіцкі вечар у філармоніі, звярнуўся кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Цёплымі ўспамінамі пра свайго блізкага сябра Уладыку Філарэта падзяліўся і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Як адзначыў каталіцкі іерарх, Мітрапаліт Філарэт застаўся ў сэрцах вернікаў як чалавек глыбокай духоўнасці, які спяшаўся дапамагчы кожнаму, хто звяртаўся да яго.

Па словах арцыбіскупа Тадэвуша, Мітрапаліт Філарэт быў прыхільнікам братняга дыялогу з іншымі хрысціянскімі канфесіямі ў нашай краіне; ён зрабіў вялікі ўнёсак у асвету і духоўнае ўзрастанне хрысціянаў.

За час свайго жыцця мітрапаліт Філарэт здабыў вялікі аўтарытэт сярод духавенства і вернікаў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Так, у гонар спачылага праваслаўнага іерарха 25 студзеня прайшла сустрэча ў мінскім касцёле Маці Божай Будслаўскай з удзелам айца Яраслава Блізнюка, протадыякана праваслаўнай парафіі іконы Божай Маці Усіх засмучаных Радасць.

Арганізатарамі вечарыны памяці выступілі Міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла» (Мітрапаліт Філарэт быў яго заснавальнікам і першым старшынёй) і Беларуская дзяржаўная філармонія пры ўдзеле заслужаных творчых калектываў Рэспублікі Беларусь: Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава, Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Рыгора Шырмы (мастацкі кіраўнік і дырыжор Вольга Янум), хору мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора (мастацкі кіраўнік і рэгент Віталь Сабалеўскі), а таксама ансамбля Брацтва званароў імя св. Паўліна Міласцівага Мінскай мітраполіі (кіраўнік Багдан Бярозкін).

Абноўлена 23.03.2021 16:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.