13 сакавіка ў Мінскай саборнай мячэці прайшоў міжрэлігійны моладзевы круглы стол на тэму «Адзіны шлях да міру і канструктыўнасці». Арганізатарам форуму выступіла «Мусульманскае рэлігійнае аб’яднанне ў Рэспубліцы Беларусь».
У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі розных веравызнанняў, дзяржаўнай улады, моладзь традыцыйных веравызнанняў Беларусі.
Як паведамілі арганізатары, круглы стол быў арганізаваны з мэтай вызначэння канкрэтных шляхоў супрацоўніцтва прадстаўнікоў розных рэлігій і канфесій з захаваннем і ўмацаваннем самаідэнтычнасці веруючых розных веравызнанняў краіны.
Сабраныя разважалі над адзінай пазіцыяй рэлігій перад выклікамі і пагрозамі сучаснасці, абмяркоўвалі магчымасць сумеснай працы ў дамах састарэлых і інвалідаў, а таксама магчымасць арганізацыі супольных мерапрыемстваў і «жывых бібліятэк».
Каталіцкі Касцёл на форуме прадстаўлялі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, ксёндз канонік Францішак Рудзь і група моладзі з мінскай катэдральнай парафіі.
Ва ўступным слове да круглага стала арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў актуальнасць форуму: «Наш час пазначаны ростам міжнароднай напружанасці, якая праяўляецца ў ваенных дзеяннях, тэрарыстычных актах, а таксама ў эканамічным, палітычным, культурным і нават рэлігійным супрацьстаянні. Таксама наша Бацькаўшчына перажывае небяспечны гарамадска-палітычны крызіс, які яшчэ год таму складана было сабе ўявіць».
Як сцвердзіў каталіцкі іерарх, да мірнага вырашэння існуючых крызісаў прыкладаюць намаганні міжнародныя, нацыянальныя, грамадскія і палітычныя арганізацыі, але «прыйшоў час гаварыць пра глабалізацыю і ў галіне веравызнанняў».
«З’яўляючыся рознымі з пункту гледжання дактрыны нашых веравызнанняў, тым не менш, мы з’яўляемся братамі і сёстрамі.Провідам Усявышняга мы пакліканыя да пошуку дыялогу і супрацоўніцтва з мэтай паляпшэння нашых адносін і ўзаемнага пераняцця добрых прыкладаў маральнага жыцця, а таксама для вырашэння існуючых у свеце праблем мірным шляхам», — сцвердзіў арцыбіскуп.
У кантэксце тэмы форуму іерарх узгадаў энцыкліку Папы Францішка Fratelli tutti, прысвечаную братэрству і сацыяльнаму сяброўству, і назваў яе рэвалюцыйнай: «У ёй Пантыфік кажа, што адным з асноўных правоў чалавека на шляху да братэрства і міру з’яўляецца рэлігійная свабода для вызнаўцаў усіх рэлігій».
Арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў, што Святы Айцей падчас свайго апостальскага візіту ў Ірак заклікаў юдэяў, хрысціянаў і мусульман будаваць узаемнае братэрства і ператварыць прылады нянавісці ў прылады міру.
«Веруючы чалавек не можа быць супраць каго-небудзь. Ён для ўсіх. Ён не можа апраўдваць дыктатуру, прыгнёт альбо вычварэнствы, не можа таксама быць агрэсіўным», — падсумаваў іерарх.
Ад каталіцкай моладзі падчас круглага стала выступілі Канстанцін Каральчук, Ганна Блюшч і Ян Корабаў, якія прадставілі сваё бачанне магчымых шляхоў міжрэлігійнага супрацоўніцтва.
Спасылаючыся на словы Святога Айца, Канстанцін Каральчук нагадаў, што менавіта моладзь можа стаць прыкладам для дарослых у будаванні «мастоў, а не сценаў».
«Аднойчы Папа Францішак сказаў такія словы: „Дарагая моладзь! Сёння мы, дарослыя, патрабуем вас. Вы патрэбны нам, каб навучыць нас жыць разам — у разнастайнасці, у дыялогу, у разуменні адрозненняў не як пагрозы, а як магчымасці. <…>
Будзьце ж нашымі абвінаваўцамі, калі мы выбіраем шлях сценаў, шлях варожасці, шлях вайны. <…> Мост, які мы можам пабудаваць тут і цяпер, — гэта паціснуць адзін аднаму рукі!.. Так, заўсёды ёсць рызыка застацца з працягнутай рукой…“», — працытаваў Канстанцін Каральчук словы Пантыфіка.
«Мне хацелася б, каб вынікам гэтай сустрэчы стаў мост паміж нашымі канфесіямі. Я, як прадстаўнік каталіцкай моладзі, працягваю вам руку»,— дадаў юнак.
Канстанцін Каральчук таксама адзначыў, што «не змог адшукаць такую канфесію, якая б ганіла дабро, такую канфесію, якая заклікала б чыніць зло», а таму мостам супрацоўніцтва можа стаць менавіта супольная рэалізацыя добрых ініцыятыў.
На думку прысутнай каталіцкай моладзі, адным са спосабаў дасягнення гэтай мэты можа стаць стварэнне валанцёрскага міжрэлігійнага моладзевага руху, удзельнікі якога будуць супрацоўнічаць з дамамі састарэлых і інвалідаў, а таксама клапаціцца пра экалогію.
Як падкрэсліў Канстанцін Каральчук, натхнёны старонкай Інстаграм праваслаўнага выдавецтва «Никея» (@nikeabooks), «мостам» дабра можа стаць і міжканфесійнае выдавецтва, на базе якога была б створана кнігарня і буккросінг, практыка якога на сёння дзейнічае пры касцёле Узвышэння Святога Крыжа, што на мінскай Кальварыі.
На думку каталіцкай моладзі, вакол выдавецтва магла б утварыцца work- і art- прастора для моладзі, што спрыяла б міжрэлігійнай інтэграцыі.