Пошук

12.03.2021 14:22   Паводле: jan.by / Catholic.by

Каталіцкія скаўты-вандроўнікі Федэрацыі еўрапейскага скаўтынгу з розных куткоў Беларусі ўзялі ўдзел у трохдзённых велікапосных рэкалекцыях у санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем'яў у Тракелях (Гродзенская дыяцэзія).

Вандроўнікі Федэрацыі еўрапейскага скаўтынгу (FSE) — адно з адгалінаванняў скаўтцкага руху для дарослых. Вандроўнікамі, як паведамляецца на сайце jan.by, могуць быць мужчыны, а таксама хлопцы з 17 гадоў. Іх галоўная задача — служыць Касцёлу і людзям паводле прынцыпаў федэрацыі і скаўцкай фармацыі.

Рэкалекцыі праходзілі пад дэвізам «Ідзіце да Юзафа».

За аснову разважанняў і канферэнцый быў узяты Апостальскі ліст Папы Францішка Patris Corde, прысвечаны асобе апекуна Езуса і напісаны з нагоды абвешчанага ў Касцёле Года святога Юзафа.

Як аказалася, ніводзін з удзельнікаў рэкалекцый яшчэ не чытаў гэты папскі ліст. Таму разам з рэкалекцыяністам ксяндзом Уладзімірам Марушэўскім SChr мужчыны звярталіся да зместу паслання Святога Айца і вучыліся ў святога Юзафа мужнасці і пяшчоце, паслухмянасці Богу, творчай адвазе, адказнасці, сапраўднаму айцоўству, сумленнасці ў працы і многаму іншаму.

У вольны час некаторыя з удзельнікаў дзяліліся ўласным сямейным досведам.

Адметнасцю рэкалекцый стала 16-кіламетровая пешая пілігрымка да капліцы святога Юзафа ў Геранёнах.

Па дарозе да капліцы вандроўнікі зрабілі пяцімятровы бярозавы крыж, які неслі на плячах больш за кіламетр падчас набажэнства Крыжовага шляху. Згодна з мясцовай традыцыяй, пасля набажэнства крыж усталявалі пры дарозе, і цяпер кожны, хто ідзе ці едзе па дарозе паміж Тракелямі і Геранёнамі, можа яго ўбачыць і затрымацца на малітву.

Рэкалекцыі былі напоўнены сапраўдным скаўцкім духам. Было шыхтаванне, гадзіна вандроўніка, вандроўка, спевы, актыўныя гульні, sacrum silentium на заканчэнне дня. Дзякуючы зімоваму надвор'ю ў апошні дзень удалося нават пагуляць у снежкі.

На апошняй радзе кожны ўдзельнік павінен быў адказаць на пытанне: што мне далі гэтыя рэкалекцыі. Мужчыны выказалі жаданне развіваць сваю скаўцкую фармацыю і ісці наперад, шукаць сваё месца ў жыцці Касцёла і грамадства, служачы іншым.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.