Пошук

11.03.2021 12:30   Catholic.by

Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка падпісаў дэкрэт аб устанаўленні юбілейных святынь і ўмоваў атрымання поўнага адпусту на абвешчаны Папам Францішкам Год святога Юзафа.

Згодна з дакументам іерарха, на тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі ў перыяд з 19 сакавіка па 8 снежня 2021 года поўны адпуст могуць атрымаць вернікі, якія ў Год святога Юзафа будуць выконваць наступныя пабожныя практыкі:

  • на працягу 30 хвілін паразважаюць над малітвай «Ойча наш», або возьмуць удзел у прынамсі аднадзённых духоўных рэкалекцыях, якія прадугледжваюць разважанне над асобай св. Юзафа;
  • па прыкладу св. Юзафа споўняць учынкі міласэрнасці адносна цела і душы бліжняга;
  • будуць маліцца св. Ружанцам у сем’ях і між заручанымі;
  • будуць штодзённа давяраць сваю дзейнасць абароне св. Юзафа, а таксама кожны вернік, які ўзнясе малітвы праз заступніцтва Рамесніка з Назарэту, каб тыя, хто шукае працу, маглі знайсці яе, і каб праца ўсіх была больш годнай;
  • памоляцца Літаніяй да св. Юзафа або любой малітвай да св. Юзафа ў інтэнцыі Касцёла, які пераследуецца ad intra і ad extra, і аб суцяшэнні для ўсіх хрысціянаў, якія пакутуюць ад розных форм пераследу;
  • памоляцца да св. Юзафа ці здзейсняць акт пабожнасці ў яго гонар 19 сакавіка і 1 мая, у свята Святой Сям’і Езуса, Марыі і Юзафа, а таксама ў 19-ы дзень кожнага месяца і кожную сераду, якая прысвечана гэтаму святому.

У кантэксце надзвычайнай эпідэміялагічнай сітуацыі дар поўнага адпусту асаблівым чынам распаўсюджваецца на пажылых людзей, на хворых і паміраючых, на ўсіх, хто па законных прычынах не мае магчымасці выходзіць з дому.

Для атрымання адпусту ім патрэбна адсутнасць прывязанасці да граху, намер паспавядацца, як толькі гэта стане магчымым, выканаць тры звычайныя ўмовы, а таксама ўчыніць акт пабожнасці ў гонар св. Юзафа, суцяшыцеля хворых і апекуна добрай смерці, з даверам ахвяруючы Богу пакуты і нязручнасці свайго жыцця.

Каб Юбілейны год стаў бачным знакам ласкі, біскуп заахвочвае душпастыраў, асабліва тых, якія служаць ва ўстаноўленых юбілейных касцёлах, 19 дня кожнага месяца і ў кожную сераду ў касцёлах і капліцах праводзіць адмысловае набажэнства ў гонар св. Юзафа і маліцца разам з вернікамі малітвай да св. Юзафа, законна зацверджанай, у інтэнцыі хворых, паміраючых, пераследаваных і людзей працы. Акарамя таго, іерарх заахвочвае ў парафіях, дзе гэта магчыма, падчас Юбілейнага Года св. Юзафа ўвесці перад святой Імшой, у якой удзельнічае найбольшая колькасць вернікаў, рэгулярную гадзінную Адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту ў інтэнцыі Касцёла на Беларусі і аб Божым благаслаўленні для нашага народа.

Юбілейнымі касцёламі, дзе можна атрымаць поўны адпуст падчас пілігрымавання ў Год св. Юзафа, прымаючы ўдзел у святой Імшы альбо іншым набажэнстве ці молячыся прыватна, беручы пад увагу малітвы прадпісаныя Святым Пасадам, устанаўліваюцца наступныя святыні:

  1. Катэдральная базыліка Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску.
  2. Санктуарый Маці Божай Каралевы Палесся ў Лагішыне.
  3. Санктуарый Маці Божай Фацімскай у Баранавічах.
  4. Санктуарый св. Андрэя Баболі ў Янаве Палескім (Іванава).
  5. Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі.
  6. Касцёл св. Юзафа ў Брэсце.
  7. Касцёл св. Юзафа ў Жабінцы.
  8. Касцёл св. Юзафа ў Жыткавічах.
  9. Касцёл св. Юзафа ў Лунінцы.
  10. 10. Касцёл св. Юзафа ў Ляхавічах.
Абноўлена 06.12.2021 21:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа