Пошук

26.02.2021 12:07   Тэкст: Вольга Чайкоўская / Фота: Яна Трафімік / Catholic.by

25 лютага ў парафіі Маці Божай Будслаўскай у Мінску адбылася адарацыя і супольная малітва для моладзі Мінска.

Такая сустрэча на пачатку Вялікага посту адбывалася ў сталіцы ўжо ў трэці раз. Яе мэта — дапамагчы маладым вернікам глыбей перажыць Вялікі пост і добра падрыхтавацца да галоўнага хрысціянскага свята — Вялікадня.

У гэтым годзе ў Адарацыі ўзялі ўдзел каля 60 юнакоў і дзяўчат з розных парафій Мінска.

Адарацыя была прысвечана разважанням над годнасцю кожнага чалавека і яго пакліканнем быць сведкам Хрыста, якім Бог яго адарыў.

Усіх людзей Бог паклікаў і прадвызначыў да абвяшчэння Божага слова, а праз гэта — да служэння людзям: «Вось слуга Мой, якога Я падтрымаю, выбраннік Мой, якога упадабала душа Мая. Я спаслаў Духа свайго на Яго; Ён прынясе народам Правасуддзе» (Іс 42, 1)».

Прыкладам чалавека простага і вернага, які адчуў заклік да ўдзелу ў гісторыі збаўлення, з’яўляецца святы Юзаф. Бог даверыў яму вялікую місію. Каб падкрэсліць дабрадзейнасці святога Юзафа, моладзь звярнулася да яго з просьбай аб заступніцтве ў літаніі. Супольная малітва дапамагае глыбей адчуць, што кожнага з нас Бог кліча і давярае вялікую ролю ў сваім плане збаўлення чалавецтва, а таксама пачуць у сэрцы голас нябеснага Айца: «Я выбіраю і клічу цябе, бо ты — Маё ўмілаванае дзіця, цябе абраў Я!»

Сваім цудоўным музычным суправаджэннем і спевам адарацыю аздобіла моладзь з мінскай парафіі святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Марыі Кольбэ.

Юнакі і дзяўчаты звярнулі ўвагу на тое, што адзінае, чаго Бог хоча ад кожнага свайго ўмілаванага дзіцяці — гэта праслаўленне Яго ўсім сваім жыццём. Кожнае стварэнне паклікана да благаслаўлення Бога, бо Ён — Творца ўсяго свету. Усвядоміць гэта моладзі дапамаглі чытанне і малітва словамі Святога Пісання, з Кнігі Даніэля. Кожны ўдзельнік меў магчымасць падысці бліжэй да алтара, запаліць свечку — сімвал святла — і прачытаць гэтую малітву.

Каб засвоіць праўду пра тое, што місіяй кожнага чалавека з’яўляецца благаслаўляць іншых, і што рабіць гэта можна як словам, так і жэстам, на заканчэнне сустрэчы яе ўдзельнікі падыходзілі адзін да аднаго і знакам маленькага крыжа благаслаўлялі свайго бліжняга.

Абноўлена 26.02.2021 12:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа