Пошук

14.02.2021 19:09   Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

14 лютага ў мінскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч благаславіў памятную дошку беларускаму мастаку пачатку ХІХ стагоддзя Яну Дамелю.

Ян Дамель, прадстаўнік мастацкай школы Віленскага ўніверітэта, пакінуў значны след у мастацтве Беларусі, Літвы і Польшчы. «Ён пісаў пераважна на гістарычныя тэмы, але адно з асноўных месцаў у яго мастацтве займала  рэлігійная тэма. Сярод яго палотнаў ёсць і св. Тадэвуш, што мне асабіста вельмі прыемна», — адзначыў у сваёй гаміліі арцыпастыр.

Ян Дамель быў пахаваны ў крыпце яшчэ недабудаванага касцёла Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыйскіх могілках у Мінску.

«Над магілай мастака ў цэнтральным алтары касцёла быў змешчаны абраз “Маленне аб чашы”, які лічыцца найлепшым яго творам. Гэтае палатно стала своеасаблівым помнікам мастаку і замяніла яму надмагілле», — сцвердзіў іерарх.

«Нягледзячы на тое, што жыццё Яна Дамеля прайшло ў розных гарадах Латвіі, Літвы, Расіі і Беларусі, ён парадніўся з Мінскам, стаў часткай яго культурнага жыцця і яго ўвасабленнем, — працягваў мітрапаліт. — Ён адышоў, але яго творчасць засталася і адыгрывае вялікую ролю ў евангелізацыі».

Спасылаючыся на евангельскі ўрывак пра аздараўленне пракажонага, арцыпастыр падкрэсліў:

«Езус не толькі вылечыў хворага ад страшнай хваробы, але і паказаў, што праказа — гэта не боская кара, а хвароба, як і кожная іншая, а Бог хоча, каб мы ўсе былі здаровымі».Пры гэтым мітрапаліт звярнуў увагу на небяспечную духоўную і грамадска-палітычную праказу сучаснага свету: «Гэта праказа матэрыялістычнага атэізму, нязгоднага з Божым законам сексуальнага жыцця, гневу, нянавісці, сацыяльнай несправядлівасці, насілля, тэрарызму, вайны».

Як падкрэсліў іерарх, «Касцёл, паводле свайго сацыяльнага вучэння, абавязаны выказвацца адносна пытанняў маральнасці, бараніць пакрыўджаных і дапамагаць у вырашэнні праблем, з якімі сутыкаецца грамадства».

«Аднак заклік Касцёла і іншых рэлігійных супольнасцяў да малітвы, пакаяння і дыялогу ігнаруецца, — працягваў мітрапаліт Кандрусевіч. — Гэта не дазваляе Езусу вылечыць хваробу грамадскай праказы».

Таму, як адзначыў арцыпастыр, актуальнымі з’яўляюцца словы Святога Айца Францішка, прамоўленыя 8 лютага падчас аўдыенцыі для дыпламатычнага корпусу, акрэдытаванага пры Святым Пасадзе:

«Палітычны крызіс у свеце ўзмоцніўся з прычыны павышэння ўзроўню палітычных супярэчнасцяў і адсутнасці супольнага пошуку вырашэння праблем, што закранаюць планету».

«Няхай сённяшняе Божае слова і мастацкая творчасць Яна Дамеля дапамагаюць нам імкнуцца да духоўнай прыгажосці, каб мы і наша Бацькаўшчына вылечыліся ад грахоўнай і грамадска-палітычнай праказы з мэтай будавання жаданага міру і супакою», — заключыў мітрапаліт Кандрусевіч.

 

Абноўлена 14.02.2021 21:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа