Пошук

08.02.2021 16:08   Тэкст: Кс. кан. Ян Крэміс / Фота: Вольга Наскова / Catholic.by

7 лютага Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец наведаў з пастырскім візітам парафію Святога Духа ў Мінску (мікрараён Чыжоўка).

Парафіяльны касцёл Святога Духа нядаўна, 9 студзеня, быў пасвячаны Ганаровым Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам.

Парафія ў мінскім мікрараёне Чыжоўка існуе з 2005 года.

Спачатку вернікі збіраліся на святую Імшу ў капліцы суседняй парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Серабранцы, а пасля — у дольным касцёле сваёй святыні, якая будавалася.

Адначасова з будаўніцтвам каменнай святыні вернікі парафіі на чале са сваім пробашчам ксяндзом канонікам Янам Крэмісам імкнуліся будаваць таксама жывую супольнасць — сапраўдную парафіяльную сям’ю.

На пачатку літургіі пробашч парафіі прывітаў пастыра архідыяцэзіі і нагадаў пра асноўныя моманты з гісторыі пабудовы святыні, што працягвалася з 2012 па 2020 год.

Падчас святой Імшы біскуп Казімір маліўся за ўсіх вернікаў і дабрадзеяў парафіі, а таксама за будаўнікоў святыні. У сваёй гаміліі пастыр нагадаў пра значэнне і моц малітвы ў жыцці чалавека.

«Бог дае нам значна больш за тое, чым мы ў Яго просім», — зазначыў біскуп. Ён нагадаў выказванні вядомых асоб пра існаванне Пана Бога, а таксама пра апалагетычныя доказы Яго існаввння.

Напрыканцы святой Імшы біскуп Казімір падзяліўся з чыжоўскімі парафіянамі асабістымі ўспамінамі пра сваю Першую святую Камунію і пра ролю бацькоў у выхаванні і перадачы веры сваім дзецям. Бацька будучага біскупа вёз яго на ровары да святара 60 кіламетраў, каб той змог упершыню прыняць Цела Хрыста.

«Сёння, на жаль, не ўсе вернікі здольныя на такія гераічныя ўчынкі веры, не выкарыстоўваюць усе сучасныя магчымасці, каб падрыхтаваць сваіх дзяцей да ўзнёслай сутрэчы з Хрыстом у Эўхарыстыі», — дадаў іерарх.

Вернікі парафіі падзякавалі біскупу Казіміру за наведванне парафіі, за словы настаўлення і за падарункі з нагоды пасвячэння новага касцёла: арнат і цыборый — спецыяльнае начынне для захавання і ўдзялення святой Камуніі.

Завяршаючы супольную малітву, біскуп Казімір благаславіў памятныя абразкі з выявай Маці Божай і Езуса Хрыста, якія міністранты раздалі ўсім прысутным.

Парафіяне і пробашч парафіі Святога Духа ўдзячныя свайму пастыру за сумесную малітву і ўдзеленае благаслаўленне, што ўмацавала вернікаў на шляху будавання духоўнай святыні — народа Божага, які шукае прысутнасці Хрыста ў штодзённасці свайго жыцця і памятае пра сваё пакліканне да святасці.

Абноўлена 08.02.2021 17:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.