Пошук

04.02.2021 14:12   Catholic.by

4 лютага ў Саборнай мячэці ў Мінску адбылася міжканфесійная сустрэча, прысвечаная Міжнароднаму дню чалавечага братэрства, які адзначаўся ўпершыню.

Каталіцкі Касцёл у Беларусі на гістарычнай сустрэчы, у якой узялі ўдзел прадстаўнікі трох рэлігій Абрагамавай традыцыі — юдаізму, хрысціянства і ісламу, — па запрашэнні арганізатараў прадставіў Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарха супараваджаў ксёндз канонік Францішак Рудзь.

Падставай для сустрэчы стаў «Дакумент аб чалавечым братэрстве дзеля міру ва ўсім свеце і добрасуседства», які падпісалі ў 2019 г. Папа Францішак і Вярхоўны імам Аль-Азхара Ахмед Эль Таеб.

Папа аднавіў заклік, каб дыялог стаў шляхам усеагульнага супрацоўніцтва, а паглыбленне ўзаемнага знаёмства — яго метадам і крытэрыем.

Тэмамі, прапанаванымі для абмеркавання на сустрэчы, сталі дыялог і выпрацоўка адзінай пазіцыі канфесій перад выклікамі і пагрозамі сучаснасці (аборты, наркаманія, алкагалізм), каардынацыя намаганняў па пераадоленні сацыяльна-палітычнай напружанасці і вырашэнні сацыяльных праблем, вызначэнне шляху супрацоўніцтва прадстаўнікоў розных канфесій ва ўмацаванні самаідэнтычнасці вернікаў розных канфесій у Беларусі, выпрацоўка адзінай пазіцыі па пахаванні памерлых, пошук іншых метадаў і форм супрацоўніцтва па ўзаемадзеянні паміж рэлігійнымі і грамадскімі арганізацыямі.

Звяртаючыся да прадстаўнікоў розных рэлігій, дзяржаўнай улады, прэсы і да ўсіх прысутных, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў мусульманскай супольнасці за запрашэнне.

Іерарх адзначыў, што на Другім Ватыканскім Саборы Каталіцкі Касцёл «асаблівую ўвагу прысвяціў праблеме яго адносінаў з навакольным светам, у тым ліку з іншымі веравызнаннямі».

Арцыбіскуп дадаў, што ў апошні час назіраецца «актывізацыя міжрэлігійнага дыялогу на дабро чалавецтва і з мэтай вырашэння надзённых праблем». Ён нагадаў пра сустрэчу ў 2016 г. Папы Францішка і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, якія «заклікалі да міру на Блізкім Усходзе», «да сумеснай барацьбы з міжнародным тэрарызмам», «асудзілі парушэнне правоў хрысціянаў». Таксама, па яго словах, дакумент, падпісаны Папам і Вярхоўным імамам Аль-Азхара, «пакліканы стаць арыенцірам у хрысціянска-ісламскіх адносінах», «спрыяць выхаванню новых пакаленняў людзей, якія будуць несці дабро і святло».

«Мы ўсе адказныя за будучыню нашай планеты. Людзі розных веравызнанняў разумеюць, што пашыраецца прастора для іх сумеснай дзейнасці на карысць усяго свету», — адзначыў іерарх.

Ён звярнуў увагу, што сацыяльныя вучэнні хрысціянскіх, мусульманскіх і юдэйскіх веравызнанняў утрымліваюць шэраг ўзаемапрымальных палажэнняў. Іх практычнае выкарыстанне, дадаў арцыбіскуп, «будзе спрыяць выпрацоўцы агульных падыходаў для адказу на вострыя і небяспечныя выклікі сучаснасці, стварэння будучыні на маральных каштоўнасцях і ўмацавання міру паміж народамі».

«У цяперашняй складанай грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі добрыя міжрэлігійныя ўзаемаадносіны, згодна з вобразным выразам святога Яна Паўла ІІ, павінны служыць прыкладам дасягнення адзінства ў разнастайнасці. Няхай сённяшняя міжканфесійная сустрэча стане новым імпульсам для дасягнення гэтай мэты», — сказаў арцыбіскуп.

На сустрэчы было вырашана правесці 13 сакавіка Міжканфесійны моладзевы круглы стол на тэму: «Адзіны погляд на сусвет і канструктыўнасць».

Абноўлена 04.02.2021 17:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця