Пошук

26.01.2021 11:44   Кс. Францішак Рудзь / Catholic.by

25 студзеня, у свята навяртання святога апостала Паўла, протадыякан праваслаўнай парафіі іконы Божай Маці Усіх засмучаных Радасць Яраслаў Блізнюк наведаў парафію Маці Божай Будслаўскай у Мінску.

Візіт праваслаўнага клірыка ў суседнюю каталіцкую парафію быў прымеркаваны да заканчэння тыдня Малітваў аб адзінстве хрысціянаў, які традыцыйна праходзіць з 18 па 25 студзеня.

Сустрэча, якая ва ўмовах пандэміі прайшла ў абмежаваным фармаце, стала выразам даўніх сяброўскіх адносін паміж супольнасцямі і адкрытасці для дыялогу паміж братнімі канфесіямі.

Варта адзначыць, што вернікі парафіі Маці Божай Будслаўскай як сваю ўласную страту ўспрынялі нядаўнюю смерць Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Філарэта. Протадыякан Яраслаў быў асабіста добра знаёмы са спачылым Экзархам. Сваімі ўспамінамі пра гэтага вялікага чалавека ён падзяліўся з братамі-католікамі.

Мітрапаліт Філарэт зрабіў значны ўнёсак у пашырэнне міжканфесійных кантактаў і спрыяў стварэнню братніх адносін паміж Беларускай Праваслаўнай Царквой і Каталіцкім Касцёлам у Беларусі.

Сустрэча з айцом Яраславам стала найлепшым ушанаваннем памяці Ганаровага Патрыяршага Экзарха і яшчэ раз паказала, што нават маленькая міжканфесійная ініцыятыва, супольная малітва і душэўная размова дапамагаюць стварэнню атмасферы адзінства, якога жадае для ўсіх сваіх вучняў Езус Хрыстус.

Абноўлена 26.01.2021 12:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця