Пошук

20.01.2021 15:43   Тэкст: Аксана Нядвецкая / Фота: Анатоль Бандарчук-Вошлаў / Catholicnews.by

19 студзеня ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску з удзелам біскупа Віцебскага Алега Буткевіча прайшла экуменічная малітва аб адзінстве хрысціянаў.

Як паведаміў сайт Catholicnews.by, Каталіцкі Касцёл на сустрэчы прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій прадставілі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і канцлер Віцебскай дыяцэзіяльнай Курыі ксёндз канонік Віктар Місевіч.

У набажэнстве ўзялі ўдзел айцы беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, прапаведнік лютэранскай супольнасці і прадстаўнік міжнароднай хрысціянскай асацыяцыі «Гедэон», а таксама вернікі розных канфесій.

Ва ўступным слове кс. Віктар Місевіч адзначыў, што ў гэтым годзе, прысвечаным у Касцёле святому Юзафу, трэба асабліва маліцца аб ласцы прабачэння і згоды, а таксама імкнуцца ўзрастаць у камуніі разам з Хрыстом і нашымі братамі і сёстрамі, якія шукаюць адзінства.

Падчас набажэнства ўдзельнікі выканалі гімн Духу Святому і прачыталі малітву аб паяднанні, пасля чаго адбылася літургія Божага слова.

Пасля чытання Евангелля паводле св. Яна ў запрошаных прадстаўнікоў канфесій была магчымасць звярнуцца да вернікаў з прамовай.

У сваім выступленні грэка-каталіцкі святар айцец Дзмітрый Грышан нагадаў словаў апостала Яна пра галінкі вінаграднай лазы і адзначыў, што «з’яднанне галінак у вінаграднай лазе адбудзецца, калі мы самі будзем з’яднаны з Хрыстом».

Прапаведнік Віцебскай лютэранскай супольнасці святых Пятра і Паўла Максім Кійко звярнуў увагу на тое, што сустрэча адбываецца ў складаны час, таму важна, каб людзі, вымушаныя з-за пандэміі насіць маскі, захоўваць дыстанцыю і ізалявацца, не забываліся дапамагаць адзін аднаму.

Марк Авілін, прадстаўнік міжцаркоўнай супольнасці хрысціянаў «Гедэон», якая займаецца распаўсюджваннем бясплатных экзэмпляраў Бібліі па ўсім свеце, прывёў словы з Евангелля: «Усялякае валадарства, якое падзялілася само ў сабе, спусташаецца» (пар. Лк 11,17).

«Таму нам, хрысціянам, трэба не раздзяляцца паміж сабой, а ўзрастаць у любові да Бога і адзін да аднаго», — дадаў прамоўца.

Бісуп Алег Буткевіч у якасці гаспадара сустрэчы звярнуўся да ўдзельнікаў набажэнства апошнім. Пастыр Касцёла нагадаў, што Езус Хрыстус прыйшоў на гэты свет, каб вярнуць людзям страчанае імі пасля першароднага граху адзінства з Богам.

«Еднасць з Богам дазваляе трываць у еднасці з бліжнімі, без еднасці з Богам немагчыма еднасць людзей паміж сабой», — адзначыў біскуп Віцебскі.

Пасля прамоваў адбыўся абрад запальвання свечак, які нагадаў прысутным пра місію хрысціянаў быць святлом свету. Удзельнікі набажэнства разам прамовілі малітву «Ойча наш» і перадалі адзін аднаму знак супакою. Біскуп Алег блаславіў прысутных і падзякаваў ім за супольную малітву.

Абноўлена 20.01.2021 16:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця