З 3 па 5 студзеня каталіцкія сем’і парафіі Безаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі горада Бабруйска арганізавалі сумесныя канікулы на беразе Чыгірынскага вадасховішча ў вёсцы Чачэвічы.
Тры дні сямейнага лагеру былі спланаваныя такім чынам, каб кожная сям’я змагла не толькі адпачыць разам, але і аб’яднацца духоўна, асаблівым чынам перажыць перыяд Божага Нараджэння.
Падчас калядных сустрэч сем’і сумесна маліліся, дзяліліся аплаткамі, спявалі калядкі, прадстаўляючы свае групы, а таксама танцавалі, удзельнічалі ў квэсце з пошукам «скарбу», кулінарным спаборніцтве і іншых заданнях і конкурсах, якія адна каманда рыхтавала для другой.
Дзецям вельмі спадабаўся сумесны майстар-клас, на якім кожны змог паспрабаваць сябе ў ролі скульптара і выляпіць з гіпсу калядную батлейку, фігурку Маці Божай або нованароджанага Езуса.
Адчуць прысутнасць Бога і адкрыць Яму сваё сэрца праз Эўхарыстыю ўдзельнікам сустрэч дапамагалі святары: кс. Юзаф Сярпейка і кс. Дзяніс Шастаковіч MSF.
Дзякуючы казанням кс. Юзафа ўдзельнiкi лагера змаглi перажыць сапраўдныя рэкалекцыi.
Асаблівую духоўную апеку і дапамогу ў арганізацыі сямейнага лагеру аказала сястра Наталля Бяляева з супольнасці сясцёр святога Дамініка.
Дзякуючы прысутнасці духоўных асоб і ўласнаму досведу ўсіх ўдзельнікаў лагеру кожная сям’я магла ўбачыць, што жыць з Богам, маліцца і праслаўляць Хрыста можна і сярод звычайных штодзённых абавязкаў, сумеснай працы альбо гульні.