Пошук

05.01.2021 16:42   Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: Catholicworldreport.com

Выхад на пенсію арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча выклікаў у многіх людзей шэраг пытанняў, на якія дае адказ канцлер Курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі, спецыяліст па кананічным праве Каталіцкага Касцёла.

— Некаторыя СМІ пішуць, што ў католікаў Беларусі — новы кіраўнік. Што насамрэч змянілася з выхадам на пенсію арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча?

— Перадусім трэба дакладна разумець, што мы маем на ўвазе, ужываючы тэрмін «новы кіраўнік», таму што па сутнасці кожны біскуп у сваёй дыяцэзіі з’яўляецца кіраўніком свайго мясцовага Касцёла (дыяцэзіі). Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч з’яўляўся Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім і такім чынам узначальваў усю Мінска-Магілёўскую Мітраполію, у якую ўваходзяць 4 беларускія дыяцэзіі, але разам з тым ён не з’яўляўся кіраўніком усіх гэтых дыяцэзій, бо ў кожнай з іх ёсць свой біскуп.

Паўнамоцтвы Мітрапаліта ў адносінах да іншых дыяцэзій, акрамя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, мінімальныя, таму больш правільна казаць, што Мітрапаліт узначальваў Мінска-Магілёўскую Мітраполію. Акрамя таго, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч быў Старшынёй Канферэнцыі Каталікіх Біскупаў у Беларусі, але, выконваючы гэту функцыю, ён таксама не меў улады над іншымі дыяцэзіямі ў Беларусі.

Такім чынам, мы бачым, што ўжыванне тэрміну «кіраўнік Касцёла ў Беларусі» ў прынцыпе не з’яўляецца карэктным.

З выхадам Тадэвуша Кандрусевіча на пенсію Мінска-Магілёўская архідыяцэзія стала вакантнай кафедрай — на лаціне sedes vacans. Для кіравання ёй на час да прызначэння новага арцыбіскупа Мітрапаліта быў вызначаны Апостальскі адміністратар, якім стаў біскуп Казімір Велікаселец. Такім чынам, ён цяпер з’яўляецца пастырам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, але не ўсіх католікаў Беларусі.

— Ці арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч па-ранейшаму з’яўляецца Старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі?

— Згодна са Статутам беларускага каталіцкага епіскапату Старшынёй ККББ можа быць толькі дыяцэзіяльны біскуп. Такім чынам да часу выбару новага Старшыні гэтыя абавязкі выконвае яго ранейшы намеснік біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Новы Старшыня будзе выбраны на бліжэйшым пасяджэнні ККББ.

— На кожнай святой Імшы ў Эўхарыстычнай малітве ўзгадваецца імя біскупа. Якога біскупа ўспамінаюць цяпер?

— Згодна з Агульнымі ўводзінамі да Рымскага Імшалу (№ 149) падчас святых Імшаў у касцёлах і капліцах на тэрыторыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі цяпер успамінаецца біскуп Казімір (Велікаселец).

Адпаведнае тлумачэнне на гэты конт дае таксама Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў у дэкрэце De nomine episcopi in prece eucharistica proferendo ад 9 кастрычніка 1972 года.

Варта адзначыць, што імя біскупа Казіміра ў каноне святой Імшы будзе ўзгадвацца не да моманту прызначэння новага Мітрапаліта, а ажно да моманту яго кананічнага ўступлення на пасаду (інгрэсу).

Абноўлена 05.01.2021 17:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.