Пошук

04.01.2021 14:51   Падрыхтавала: Кацярына Лаўрыненка з выкарыстаннем матэрыялаў кс. доктара Станіслава Тылюса SAC і KAI / Catholic.by

30 снежня ў Любліне (Польшча) адышоў у вечнасць ксёндз прафесар Роман Дзванкоўскі SAC, шматгадовы навуковы супрацоўнік Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта, даследчык праблематыкі Каталіцкага Касцёла ў СССР і Палоніі на постсавецкай прасторы. 3 студзеня ў парафіяльным касцёле ў Ашмянах адбылася Імша ў інтэнцыі памерлага.

На Эўхарыстыі сабраліся шматлікія святары і вернікі з наваколля.

4 студзеня ў касцёле Вячэры Панскай у Любліне адбудзецца пахавальная Імша ў яго інтэнцыі, а 5 студзеня ў Чэрвіне — Імша ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы і пахаванне на парафіяльных могілках.

Ксёндз прафесар Роман Дзванкоўскі меў цесныя сувязі з Беларуссю. Да яго заўсёды завітвалі святары і свецкія асобы з Беларусі, якія прыязджалі па справах у Люблін. У гэтым годзе споўнілася 50 гадоў ягонага сяброўства з парафіяй у Ашмянах.

Месяц таму ксёндз прафесар адзначыў 90-годдзе, правёўшы 69 гадоў у Таварыстве Каталіцкага Апостальства (ксяндзы палатыны) і 63 — у святарстве.

Ксёндз прафесар Роман Дзванкоўскі нарадзіўся 30 лістапада 1930 г. у вёсцы Дзвонэк на Мазовіі ў Польшчы. 9 снежня яму быў удзелены сакрамэнт хросту ў парафіяльным касцёле ў Чэрвіне. У 1949 г., пасля заканчэння гімназіі ў Астраленцы, ён уступіў у Таварыства Каталіцкага Апостальства

15 жніўня 1951 г. Роман Дзванкоўскі прынёс першыя манаскія абяцанні, а 15 жніўня 1954 г. — вечныя. 22 чэрвеня 1957 г. прыняў пасвячэнне ў ступені прэзбітэрату ў Алтажэве з рук кардынала Стэфана Вышыньскага, цяпер Слугі Божага. У 1958 г. у тым жа Алтажэве скончыў навучанне ў семінарыі.

У 1958–1961 гг. вывучаў каталіцкую сацыяльную навуку ў Люблінскім каталіцкім універсітэце, пасля чаго распачаў выкладанне ў семінарыі ксяндзоў палатынаў у Алтажэве, якое працягвалася да 1994 г. У 1966 г. абараніў дактарат у Люблінскім каталіцкім універсітэце. На 1966–1967 год выехаў у Парыж, дзе працягваў навучанне ў Каталіцкім інстытуце. У 1967 г. зноў вярнуўся да выкладання ў семінарыі ў Алтажэве, дзе ў 1969–1972 гг. выконваў абавязкі рэктара.

З 1972 да 1974 г. знаходзіўся ў Францыі, дзе збіраў матэрыялы для напісання габілітацыйнай працы на тэму рэлігійнага жыцця польскай эміграцыі ў гэтай краіне.

У 1977 г. распачаў працу ў Люблінскім каталіцкім універсітэце, дзе ў 1984 г. абараніў габілітацыйную працу, а ў 1989 г. стаў кіраўніком кафедры сацыялогіі этнічных груп на факультэце сацыяльных навук. У 1992 г. атрымаў тытул прафесара надзвычайнага, а ў 2001 г. — прафесара гуманітарных навук. У 1994–2001 гг. выкладаў сацыяльнае каталіцкае вучэнне ў семінарыі ў Гродку Падольскім (Каменецка-Падольская дыяцэзія, Украіна).

З 1970 г. штогод пачаў бываць на тэрыторыі Савецкага Саюза. Яшчэ падчас навучання ў семінарыі пачуў аповеды пра рэлігійнае жыццё у СССР і пераследы Царквы. Аднак зацікаўленасць «усходняй» тэматыкай у ксяндза Рамана Дзванкоўскага ў вялікай меры з’явілася дзякуючы брату Францішку Дзічкевічу SAC, які апынуўся ў Польшчы ў выніку рэпатрыяцыі.

Уражаны аповедамі сабрата пра жыццё ў БССР, пра рэлігійны ўціск і калгасы, ксёндз Роман Дзванкоўскі захацеў убачыць гэта на ўласныя вочы. На той час, каб выехаць з Польшчы ў СССР, трэба было мець запрашэнне, што быццам едзеш да сваякоў, якое яму і скіравалі родныя ягонага сабрата Галіна і Збігнеў Пазажыцкія з в. Вайневічы пад Ашмянамі. У БССР святар ехаў праз Вільню.

Першым уражаннем ксяндза доктара Рамана Дзванкоўскага ў Ашмянах, куды ён заехаў, каб зарэгістравацца, сташ прыгожы вялікі касцёл, зачынены і ператвораны ў фабрыку. Вельмі ўразіла святара і штодзённасць тагачаснай беларускай вёскі, дзе нібыта спыніўся час і жыццё ў якой у многім нагадвала вясковае жыццё міжваеннага перыяду ў Другой Рэчы Паспалітай.

Падчас сваіх падарожжаў па СССР святар сустракаўся з вялікай колькасцю людзей, якія шмат распавядалі пра тагачасныя рэаліі.

З многімі на працягу шматлікіх гадоў святар падтрымліваў кантакты, ведучы шырокую карэспандэнцыю. Сёння гэтыя лісты з’яўляюцца каштоўнымі крыніцамі па вывучэнні жыцця Касцёла ў савецкі перыяд.

З 1973 г. ксёндз доктар Роман Дзванкоўскі пачаў друкаваць пад псеўданімам у парыжскай «Культуры», а таксама ў іншых эміграцыйных выданнях артыкулы на тэму Касцёла і палякаў у СССР.

З 1989 г. у яго навуковай дзейнасці наступае новы этап. Зняцце абмежаванняў на пэўныя тэмы, шматлікія ўражанні і разважанні, а таксама доступ да архіўных матэрыялаў савецкіх часоў прынеслі плён у выглядзе шматлікіх навуковых і навукова-папулярных артыкулаў, а таксама кніг, прысвечаных гісторыі Каталіцкага Касцёла ў СССР.

У прыватнасці, гэта кнігі «Za wschodnią granicą 1917–1993. O Polakach i Kościele w dawnym ZSRR — rozmawia Jan Pałyga SAC» («За ўсходняй граніцай 1917–1993. Пра палякаў і Касцёл у даўнім СССР — размаўляе Ян Палыга SAC»), Ząbki, 1994, 1995; «Polacy na dawnych Kresach Wschodnich. Z problematyki narodowościowej i religijnej» («Палякі на даўніх Крэсах Усходніх. З нацыянальнай і рэлігійнай праблематыкі»), Lublin, 1994; «Z historii Kościoła Katolickiego w ZSRS 1917–1991. Pogadanki w Radiu Watykańskim» («З гісторыі Каталіцкага Касцёла ў СССР. 1917–1991. Размовы на Ватыканскім радыё»), Ząbki, 1995; «Kościół katolicki w ZSSR 1917–1939. Zarys historii» («Каталіцкі Касцёл у СССР 1917–1939. Нарыс гісторыі»), Lublin, 1997; «Religia i Kościół katolicki w ZSSR 1917–1939. Kronika» («Рэлігія і Каталіцкі Касцёл у СССР. 1917–1991. Хроніка»), Lublin, 2010; «Polacy w Kościele katolickim na Wschodzie 1939–2011» («Палякі ў Каталіцкім Касцёле на Усходзе 1939–2011»), Toruń, 2011.

Жыццю рэпрэсаванага каталіцкага духавенства ў СССР ксёндз прафесар прысвяціў «Losy duchowieństwa katolickiego w ZSSR 1917–1939. Martyrologium» («Лёсы каталіцкага духавенства ў СССР 1917–1939. Мартыралог»), Lublin, 1998 і «Leksykon duchowieństwa polskiego repreśionowanego w ZSRS 1939–1988» («Слоўнік польскага духавенства, рэпрэсаванага ў СССР у 1939–1988»), Lublin, 2003.

Навуковая спадчына кс. Романа Дзванкоўскага — 20 кніг і больш за 400 даследаванняў і артыкулаў: навуковых, навукова-папулярных і публіцыстычных.

Ён не толькі стаў піянерам у вывучэнні гісторыі Каталіцкага Касцёла ў былым СССР і ў прыватнасці на Беларусі, але таксама даў імпульс і натхненне працягваць вывучэнне гэтай тэмы для шматлікіх даследчыкаў з постсавецкай прасторы, актыўна дапамагаючы парадамі.

Акрамя навуковай дзейнасці, ксёндз Роман Дзванскоўскі актыўна займаўся вырашэннем многіх праблем. У 1974–1992 гг. святар належаў да Камісіі епіскапату Польшчы па справах душпастырства эміграцыі, па справах духоўных семінарый, Justitia et Pax, місій і міграцыі. З 1989 г. быў членам Камітэту даследаванняў Палоніі Акадэміі Навук Польшчы. З 1992 г. прымаў удзел у дзейнасці Айчыннага аб’яднання «Wspólnota Polska», якая займалася дапамогай Палоніі і палякам за межамі Польшчы.

Атрымаў за сваю дзейнасць шматлікія ўзнагароды і адзнакі.

Амаль да апошніх дзён ксёндз прафесар шмат чытаў, працягваў навуковую дзейнасць, актыўна ўдзельнічаў у навуковых канферэнцыях.

Літаральна ў апошнія месяцы свайго жыцяя паспеў адрэдагаваць кнігу ўспамінаў у форме інтэрв’ю, праведзенага сястрой Рэнатай Зяліньскай ОР, «Spotkania na Wschodzie: Białoruś – Litwa – Łotwa – Ukraina – Rosja – Gruzja – Armenia – Kazachstan (1970–2020)» («Сустрэчы на Усходзе: Беларусь – Літва – Латвія – Украіна – Расія – Грузія – Арменія – Казахстан (1970–2020)».

Дзверы ягонай кватэры заўсёды былі гасцінна адчынены для гасцей з Беларусі і Украіны. Сам святар прызнаваўся, што мае пэўную сімпатыю да людзей з гэтых тэрыторый. Быў чулы да патрэбаў іншага чалавека — дапамагаў бедным, падтрымліваў студэнтаў з постсавецкай прасторы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця