Пошук

03.01.2021 08:04   Catholic.by

3 студзеня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначае свой 75-гадовы юбілей, і з гэтай нагоды яго віншуе каталіцкая моладзь Беларусі.

Адзін з аўтараў праекту фатограф Элан Лыскоў распавядае:

«Адной з маіх сясцёр у Хрысце на адарацыі у катэдры прыйшло натхненне, што мы павінны нешта зрабіць для нашага Мітрапаліта. Сустрэліся, каб разам гэта абмеркаваць і памаліцца, пасля чаго пачалі дзейнічаць паводле супольнага плану.

Разаслалі прапанову моладзі па ўсёй Беларусі, каб зрабілі ўласнае віншаванне, і шмат хто з радасцю адгукнуўся.

Мы маліліся, каб споўнілася Божая воля, і ўсё своечасова атрымалася. Бог здзейсніў цуд: усё атрымалася і нават больш за тое: на шчасце, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч можа ўбачыць гэтае відэа ўжо на роднай зямлі, а мы планавалі яго проста падтрымаць падзякай, віншаваннем і выразам сваёй павагі.

Падчас моладзевай сустрэчы ў мінскай катэдры мы зрабілі канферэнцыю, на якой распавядалі пра жыццёвы шлях Мітрапаліта, а нехта даваў асабістае сведчанне са свайго жыцця, як Бог прамаўляў да яго праз служэнне арцыпастыра. Гэта адбывалася праз гаміліі, супольныя малітвы і асабісты кантакт, які моладзь заўсёды мела з іерархам.

Тое, што мы зрабілі, як мне ўяўляецца, было жаданнем Бога, каб мы праз гэтую супольную творчасць перадусім перажылі „асабістую сустрэчу“ з пастырам, ацанілі дар яго прысутнасці сярод нас і праз гэта глыбей зразумелі любоў Езуса да нас, да Беларусі», — дзеліцца сваім сведчаннем Элан Лыскоў.

Хоць арцыбіскуп вярнуўся ў Беларусь, аднак ідэя відэавіншавання моладзі не страціла актуальнасці, бо з-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі пакуль няма магчымасці сустрэцца з пастырам, каб у шырокім коле павіншаваць яго асабіста.

***

Дырэктар парталу Catholic.by  ксёндз доктар Аляксандр Улас ад імя супрацоўнікаў рэдакцыі шчыра віншуе арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з 75-годдзем і жадае шчодрых Божых ласкаў праз заступніцтва Багародзіцы Марыі на доўгія і святы гады жыцця і служэння Касцёлу ў Беларусі.

Абноўлена 03.01.2021 13:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.