Пошук

28.12.2020 15:02   Паводле: кс. Юрый Марціновіч / Grodnensis.by / Фота: Эдварда Паўлавец / Grodnensis.by

Імшу Пастэрку ў ноч Божага Нараджэння ў катэдральным касцёле святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне цэлебраваў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.

Як паведамляе Grodnensis.by, на Імшы сабраліся шматлікія парафіяне, а таксама жыхары Гродна. Падчас Эўхарыстыі асаблівым чынам маліліся ў інтэнцыі ўсіх, хто ў гэты дзень не можа адчуць сапраўднай радасці з-за цярпення і хваробы.

У гаміліі біскуп падкрэсліў, што Езус сваёй любоўю хоча адкрываць сэрцы людзей і гатовы нараджацца штодзённа, каб яны паверылі ў Яго любоў.

Іерарх адзначыў, што ва ўрачыстасць Божага Нараджэння мы разам з пастухамі і мудрацамі схіляем калені перад таямніцай Бога, які стаўся Чалавекам.

«У Бэтлееме Юдэйскім пачалася прыгожая гісторыя, прыгода вандравання чалавека з Богам: Хрыстус увайшоў у гісторыю чалавецтва, у жыццё кожнага з нас, каб мы нанова “ад Бога нарадзіліся” і такім чынам сталі адзін аднаму братам і сястрой — ствараючы прыгожую сям’ю дзяцей Божых сінявокай Бацькаўшчыны», — сказаў дапаможны біскуп дыяцэзіі.

Іерарх дадаў, што бэтлеемская ноч — незагорнутая старонка гісторыі, рэчаіснасць, якая працягваецца ў збаўчым парадку, таксама тут і цяпер.

«Хрыстус, які нарадзіўся ў Бэтлееме, жыве ў сваім Касцёле, прыходзіць да нас у таямніцы Эўхарыстыі. Ахвяруе нам сваё Цела і Кроў, на ўмацаванне, на годнае жыццё, на абяцанне вечнасці, да якой мы ідзём. Хрыстус — добры, як хлеб. А Бэтлеем у перакладзе азначае Дом хлеба», — заўважыў біскуп.

Ён дадаў, што «дом — гэта сям’я, якую памятаем з дзіцячых гадоў, біццё сэрца маці і цеплыня рук бацькі, супольная малітва, падарункі і чаканне, таямніца і сюрпрыз; дом — гэта школа захоўвання Божых запаведзяў, выхавання ў абароне веры і падтрымкі традыцый нашых бацькоў».

Іерарх павіншаваў удзельнікаў святочнай літургіі і тых, хто далучыўся да малітвы праз інтэрнэт.

Ён пажадаў, каб Езус знайшоў годнае месца ў кожным чалавечым сэрцы, a святло бэтлеемскай зоркі было знакам трывалага міру.

«Няхай у вашым жыцці будзе дастаткова веры і надзеі, спавітых братэрскай і сяброўскай любоўю, каб мы маглі захаваць спакой і згоду ў нашым грамадстве, прабачаючы адзін аднаму», — дадаў біскуп.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця