Пошук


24 снежня, у вігілію Божага Нараджэння, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ў мінскай архікатэдры Найсвяцейшага Імя Марыі.

У цэлебрацыі ўдзельнічалі Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Беларускую Праваслаўную Царкву прадставіў протаіерэй Аляксандр Шымбалёў. Адбывалася таксама анлайн-трансляцыя Імшы, колькасць гледачоў склала больш за чатыры тысячы.

На пачатку да прысутных і гледачоў звярнуўся біскуп Юрый Касабуцкі. «У Бэтлееме адбываецца цуд, калі вялікі, недасяжны, трансцэндэнтны Бог прымае чалавечую натуру, становіцца маленькім дзіцяткам, — сказаў ён. — У гэтым годзе мы падчас Божага Нараджэння таксама перажываем калядны цуд. І гэтым цудам з’яўляецца тое, што разам з намі на гэтай Імшы моліцца наш арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які яшчэ ўчора быў за мяжой, але ўжо сёння знаходзіцца тут».

Біскуп выказаў падзяку Папу Францішку ў асобе Апостальскага нунцыя за намаганні дзеля таго, каб гэты цуд мог настаць. Звяртаючыся да арцыбіскупа Кандрусевіча, Генеральны вікарый сказаў: «Жадаем Вам моцнага здароўя, каб Вы ўжо ніколі не пакідалі нас, кіравалі намі і вялі нас усіх да збаўлення, да нябеснай Айчыны. Мы чакаем вашай плённай працы і кіравання нашым Касцёлам».

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, звяртаючыся да вернікаў, адзначыў: «Надзеяй на вяртанне, на далейшае служэнне вам я жыў».

«Сёння, калі я перасёк мяжу, я стаў на калені і маліўся, я пацалаваў гэтую зямлю», — распавёў іерарх, а таксама дадаў, што «Бацькаўшчыну нельга выкінуць з сэрца». Ён падзякаваў вернікам за малітоўную падтрымку, дадаўшы: «Прашу вас і далей падтрымліваць мяне, падтрымліваць наш Касцёл, бо Касцёл — нашая маці, якая вядзе да Хрыста».

У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч засяродзіў асаблівую ўвагу на тым, каб вылучыць месца для Езуса Хрыста ў чалавечых сэрцах.

«Нечаканыя выклікі, якія выпалі на долю свету і нашай краіны, як паказалі крохкасць сучаснага сусветнага парадку і яго ўразлівасць, так і агалілі духоўныя праблемы сучаснага чалавека, — сказаў іерарх. — Ён даверыў сябе не Богу, але самому сябе, свайму інтэлекту, развіццю навукі, тэхналогіі, культуры. Эпідэмія паказала, што гэтага занадта мала, бо мікраскапічных памераў вірус пачаў супрацьстаяць магутным гэтага свету і паставіў іх на калені.

Каранавірус змяніў прывычны ўклад жыцця сучаснага свету і прымусіў задумацца над тым, якое месца ў нашым жыцці і гісторыі чалавецтва займаюць Бог і чалавек».

«Складаная грамадска-палітычная сітуацыя ў нашай краіне, якая стала новым выклікам, таксама заклікае нас звярнуць большую ўвагу на Бога і захаванне Божага закону, — дадаў арцыбіскуп. — Наколькі іншымі былі б наша Бацькаўшчына і нашае жыццё, калі б мы жылі згодна з законам любові да Бога і бліжняга! Калі б узаемна ўмелі прабачаць адзін аднаму! Калі б, будучы рознымі, былі аб’яднанымі клопатам пра агульнае дабро!

Адказ “Так” Марыі Богу змяніў гісторыю свету, бо ў яе ўвайшоў Збаўца, свята Нараджэння якога мы сёння адзначаем. Таксама якой іншай была б наша гісторыя, калі бы мы згаджаліся з Божай воляй, казалі Яму нашае “Так”!»

Па словах Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, «выклікі пандэміі каранавірусу і грамадска-палітычнага крызісу заклікаюць нас вярнуцца да сапраўднай рэлігійнасці, якая паказвае, што мы створаны для чагосьці большага, чым толькі клопат пра зямныя справы і прыемнасці».

«Сёння мы павінны спытаць сябе: а ці ў нашых сэрцах ёсць месца Езусу?

Гэта складанае і нават нязручнае пытанне, якое Каляды задаюць сучаснаму чалавеку, які ўсё больш аддаляецца ад Бога,

— адзначыў арцыбіскуп. — Няма ніякага сэнсу сентыментальна ставіцца да таго, што ў нармальных эпідэміялагічных абставінах ломяцца дзверы ў базыліцы Нараджэння ў Бэтлееме і ў нашых касцёлах ад вялікага наплыву людзей, калі ў нашых сэрцах няма месца для таго ж самага Езуса».

«Мы павінны штодня правяраць сябе, ці часам дзверы нашых сэрцаў не зачынены для Езуса, які шукае месца, дзе мог бы нарадзіцца сваёй ласкай. Якая карысць з таго, што Бог нарадзіўся ў Бэтлееме, але не народзіцца праз веру ўва мне?» — сказаў іерарх.

Ён звярнуў увагу на тое, што Божае Нараджэнне — «асаблівае свята, бо яно канкрэтна нагадвае нам, што Бог сапраўды з намі і ў нас».

«Дзверы былога Савецкага Саюза, дзе тры пакаленні панаваў ваяўнічы атэізм, адчыніліся Хрысту. Мы атрымалі свабоду, у тым ліку і веравызнання. На жаль, вельмі хутка забыліся, што свабода — гэта не толькі дар, але і адказнасць. У выніку чаго зачараваліся залатым цяльцом матэрыяльнага дастатку, прыемнасцяў і неабмежаванай свабоды без маральнай адказнасці, і пачалі яму пакланяцца», — адзначыў іерарх.

Па яго словах, «у той жа час бачна, што чалавек без Хрыста не здольны вырашыць сваіх праблем, бо на яго ўплываюць не толькі фізічныя, але і маральныя вірусы».

«Гэта вельмі важна і актуальна ў сучаснай Беларусі, якая ўжо пяць месяцаў перажывае глыбокі грамадска-палітычны крызіс. Наша міралюбівая і памяркоўная Бацькаўшчына падзялілася і перамянілася ў плацдарм супрацьстаяння, што вельмі небяспечна. Нездарма Хрыстус кажа, што падзеленае валадарства не мае будучыні (пар. Мц 12, 25). А мы хочам мець будучыню, і не звычайную, але шчаслівую. Для гэтага неабходна як мага хутчэй вярнуцца да евангельскіх прынцыпаў любові да Бога і бліжняга, а таксама прабачэння і паяднання. Гэта магчыма толькі тады, калі мы дазволім Езусу нарадзіцца ў нашых сэрцах сваёй ласкай», — падкрэсліў арцыбіскуп.

«Будучы рознымі, у імя супольнага дабра, нам нельга дазволіць сабе быць непрыяцелямі. Неабходна быць аб’яднанымі ў дыялогу. Нездарма Святы Айцец Францішак у энцыкліцы Fratelli tutti (“Усе браты”) кажа, што паміж іншадумцамі заўсёды магчымы канструктыўны дыялог, дзякуючы якому краіна квітнее», — нагадаў іерарх.

«Вучэнне Евангелля і заклік святога Яна Паўла ІІ адчыніць дзверы Хрысту і ад Яго вучыцца любові і прабачэнню застаюцца актуальнымі і ў наш час.

Адчынім, таму, дарагія браты і сёстры, дзверы Езусу, які нараджаецца праз служэнне Касцёла, і дазволім Яму наведаць нас»,

— заахвоціў арцыбіскуп.

Іерарх выказаў віншаванні католікам, іншым хрысціянам, якія адзначаюць Божае Нараджэнне ў гэты дзень, праваслаўным вернікам і людзям добрай волі. «Не бойцеся адчыніць дзверы вашых сэрцаў Хрысту! Вылучыце Яму месца ў іх! Ён нічога не забірае, толькі адорвае сваёй збаўчай ласкай і надзеяй!» — сказаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Протаіерэй Аляксандр Шымбалёў перадаў святочныя віншаванні ад Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна. Святар адзначыў, што «Хрыстус прыйшоў, каб перамяніць чалавека, каб чалавек вярнуўся да запавету з Богам, адмовіўся ад закону сатаны, які ўзяў у сваё жыццё пасля таго, як прыняў грэх». «Мы ў свята Божага Нараджэння заўсёды спадзяемся, што ўвесь свет пераменіцца, людзі пойдуць да святла і Хрыстус — вялікае сонца — будзе панаваць у кожным сэрцы», — дадаў протаіерэй. Таксама ён павіншаваў арцыбіскупа Кандрусевіча з вяртаннем на радзіму.

Арцыбіскуп на заканчэнне яшчэ раз падзякаваў Богу за магчымасць урачыста адзначаць гэтае свята, падзякаваў тым, хто далучыўся да Імшы праз трансляцыю, прысутным іерархам, святарам, тым, хто ўдзельнічаў у падрыхтоўцы святочнай цэлебрацыі. Ён пажадаў усім шчаслівага Божага Нараджэння і Новага года.

 

Абноўлена 26.12.2020 13:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа