Пошук

14.12.2020 14:54   Паводле: Паліна Капуста / Фота: Паліна Маісеева / JAN.BY

10 снежня моладзь мінскай парафіі святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Кольбэ разам са сваімі душпастырамі зладзіла вечарыну, прысвечаную беларускай паэзіі.

Цёплыя ўсмешкі блізкіх людзей і мілагучная родная мова сагравалі моладзь у халодны снежаньскі чацвер. Адвэнт — гэта ідэальны момант для духоўнага ўзрастання і ўзбагачэння. А што можа кранаць і ўзрушаць душы, як не літаратура?

Ідэя правесці моладзевы вечар, прысвечаны роднай літаратуры, з’явілася даўно, але чакала адпаведнага часу. І ён настаў.

Прыбраная зала, святло ад жывога агню разам з гукамі гітары стваралі вельмі ўтульную атмасферу, а вершы падымалі настрой.

Гучалі вершы такіх вядомых класікаў ці, інакш кажучы, волатаў беларускай літаратуры, як Янка Купала і Якуб Колас. Сабраныя прызнаваліся ў любові да сваёй старонкі праз вершы Алеся Ставера, Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Карызны.

Не абмінулі ўвагай і інтымную лірыку. Знакамітая «Зорка Венера» Максіма Багдановіча «ўзышла» падчас вечарыны. Тэма любові была закранута ў вершах Яўгеніі Янішчыц Odi et amo, «Ты пакліч мяне», Змітрака Бядулі «Дазволь».

Таксама слухачы разважалі над тым, што такое шчасце ў аднайменных вершах Казіміра Сваяка і Максіма Танка.

Падчас сустрэчы ўдзельнікі ўспомнілі і радкі з вершаў сучасных паэтаў. Так, ксёндз Уладзімір Марушэўскі SChr чытаў вершы «Прарочае», «Хай зброяй стане праўда і сумленне» парафіянкі Аксаны Ючкавіч.

Шмат вершаў беларускіх паэтаў было пакладзена на музыку. Гэта і «Дзе мой край?» Уладзіміра Караткевіча, «Зорка дзіва» Уладзіміра Някляева, якія душэўна сыграў парафіяльны маэстра ксёндз Алег Шпець SChr. «Белая яблыня грому» Рыгора Барадуліна ў выкананні Валерыі Капыцінай прывабіла сваёй простай прыгажосцю. А падчас гучання «Дачакайся, матуля» некаторыя не маглі стрымаць слёз.

Акрамя таго, удзельнікі падзяліліся сваёй гісторыяй выбару верша для вечарыны. Кагосьці на выбар натхнілі ўспаміны з дзяцінства, іншыя ўбачылі верш выпадкова ў сацсетках. Тым жа, што аб’ядноўвала ўдзельнікаў, была шчырасць у выкананні.

Вечар паэзіі скончыўся і пакінуў пасля сябе шэраг прыемных думак і пачуццяў. Удзельнікі паэтычнай сустрэчы зразумелі: гэта толькі пачатак. А душа патрабуе працягу!

 

Абноўлена 14.12.2020 16:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця