Пошук

10.12.2020 12:16   Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота з адкрытых крыніц

Свята агню, святла, радасці і весялосці Ханука юдэі адзначаюць у 25-ы дзень месяца кіслева. Сёлета святкаванне пачынаецца ўвечары 10 снежня.

Ханука адзначаецца 8 дзён. Ханука не згадваецца ў Святым Пісанні, аднак гэтае свята адзначаецца ў гонар адной з важных падзей у рэлігійным жыцці габрэйскага народа і мае вялікае значэнне.

Асноўны рытуал свята — запальванне свечак Ханукі ў гонар цуду, які адбыўся ў Ерузалемскай святыні пасля паўстання Макабэяў у сярэдзіне II стагоддзя да Нараджэння Хрыста.

Тады, падчас праўлення Антыёха IV Эпіфана над Юдэяй, юдэям было забаронена праводзіць набажэнствы ў Ерузалемскай святыні і пакланяцца адзінаму Богу. Каб прыспешыць элінізацыю габрэяў, для чаго ім сілаю навязвалі грэцкія паганскія культы, у 168 г. да Нараджэння Хрыста на алтары святыні, разбуранай захопнікамі, кароль асабіста прыгатаваў свінню, тым самым апаганіўшы святое месца. Акрамя таго, прыгнятальнік загадаў паставіць ідал Зеўса на ўнутраным дзядзінцы храма.

Святар Мататыя з роду Гасманэяў паўстаў супраць такіх дзеянняў караля. У святара было 5 сыноў, яны напалі на каралеўскіх пасланцоў і забілі іх. Потым Мататыя з сынамі пайшоў у горы, дзе вёў партызанскую вайну за Адзінага Бога. Кіраўніком паўстання пасля смерці Мататыі стаў яго сярэдні сын Юда па мянушцы «Молат» (на іўрыце «Макабі»), ад якога выводзіцца дынастыя Макабэяў. Гэтыя падзеі апісаныя ў Старым Запавеце ў кнігах Макабэяў.

На працягу трох гадоў паўстанцы атрымалі шэраг перамог і вызвалілі частку Юдэі, у тым ліку Ерузалем, з-пад улады Селеўкідаў. Паўсюдна яны разбуралі паганскія алтары. Увайшоўшы ў вызваленую святыню, яны ўбачылі, што менора — светач — была апаганена. Яны зрабілі новую сімвалічную менору, выкарыстаўшы для гэтага восем баявых дзід. Такім чынам, гэта быў сімвалічны знак ператварэння зброі ў сімвал міру, як сказаў прарок Ісая.

У перакладзе слова «Ханука» азначае «абнаўленне», альбо «новы дом».

Згодна з традыцыяй, падчас Ханукі запальваюцца свечкі, «як толькі сцямнее, і людзі пачнуць пакідаць вуліцы». У той жа час абвяшчаецца благаслаўленне на запальванне свечак і на цуд, які здарыўся.

У першы вечар свята дадаецца падзяка Богу, які дазволіў дажыць да гэтага дня і выканаць гэтую місію. У святочных юдэйскіх малітвах узгадваецца цуд Ханукі і абвяшчаецца перамога малога над вялікім, слабога над моцным, святла над цемрай.

Абноўлена 10.12.2020 15:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа