Пошук

30.11.2020 13:04   Тэкст: бр. Уладзіслаў Мінько OFMCap / Фота: Аляксандр Алісейка / Catholic.by

28 лістапада, у апошні дзень літургічнага года, супольнасць Меншых Братоў Капуцынаў у Беларусі перажыла радасную падзею: у касцёле святога Францішка Асізскага, які будуецца на ўскраіне Мінска, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч удзяліў сакрэмэнт дыяканскага пасвячэння братам Івану Садоўскаму і Уладзіславу Мінько.

На святой Імшы з абрадам пасвячэнняў сабраліся браты капуцыны з розных, заснежаных і не вельмі, куткоў нашай Радзімы, а таксама блізкія родныя і сябры будучых дыяканаў.

На пачатку Эўхарыстыі ўсіх прысутных і тых, хто з розных прычын не змог прыехаць, прывітаў брат Алег Шэнда OFMCap, Кусташ беларускіх капуцынаў. Ён звярнуў увагу на феномен гісторыі, якая не з’яўляецца чымсьці адлеглым, хоць так часта здаецца, але наадварот (як Божы Провід у гэтым поўным падзей годзе дазволіў спазнаць: знаходзіцца так блізка, што «ўсе мы ў ёй удзельнічаем са сваімі радасцямі, трывогамі і хваляваннямі».

«Таксама і гэтая літургія пасвячэнняў у дыяканы адпаведна ўпісваецца ў гісторыю жыцця Касцёла», — падкрэсліў Кусташ.

Біскуп Алег у гаміліі прыгадаў абавязкі і паслугі, да якіх пакліканы дыякан у Касцёле, і слаўную гісторыю дыяканскага служэння з апостальскіх часоў. Віцебскі ардынарый падкрэсліў, што менавіта дыякан стаў першым мучанікам за веру ў Хрыста, таму істотнай рысаю служэння дыякана ад самага пачатку з’яўляецца мужнасць.

«Тое, што мужнасць і адвага ў абвяшчэнні Божага Слова не менш, чым раней, патрэбныя таксама ў наш час і на нашай зямлі, могуць засведчыць як старэйшыя браты ў святарстве, так і пустое крэсла, прызначанае Мітрапаліту», — падкрэсліў іерарх.

Ён дадаў, што «не баяцца» можа дапамагчы толькі асабістая сувязь з Богам, які абяцае заўсёды быць побач. Пры гэтым іерарх параіў не забывацца, што абвяшчэнне слова будзе мець вагу толькі тады, калі з ім будзе згоднае жыццё таго, хто прапаведуе.

Напрыканцы гаміліі біскуп Алег пажадаў будучым дыяканам вытрываць да канца, давяраючы Езусу, які сам дае сілы тым, каго выбраў, а таксама карыстаючыся дарам братэрства, якім жыве ордэн капуцынаў.

Адразу пасля гаміліі адбыўся абрад пасвячэння, пасля якога новыя браты дыяканы мелі радасць першы раз выконваць свае дыяканскія функцыі падчас Эўхарыстыі.

Браты капуцыны шчыра дзякуюць кожнаму брату і сястры ў Хрысце, якія маліліся і дапамагалі братам Івану і Уладзіславу на дарозе да прыняцця сакрамэнту пасвячэння. Яны таксама просяць памятаць пра братоў перад Богам і надалей, бо ім і цяпер не менш патрэбна духоўная падтрымка.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа