Пошук

28.11.2020 08:08   Catholic.by

Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі

«Чувайце і маліцеся ўвесь час» (Лк 21, 36)

Дарагія ў Хрысце браты і сёстры!

Перад намі Адвэнт 2020 года. Гэта няпросты час, які, хутчэй за ўсё, надоўга застанецца ў нашай памяці. Гэта зусім іншы час, які моцна адрозніваецца ад падобнага перыяду ў мінулым годзе. У пэўным сэнсе, можам назваць яго часам выпрабаванняў. Некаторыя людзі губляюць надзею, некаторыя не знаходзяць у сабе сілы любіць, іншыя становяцца абыякавымі, поўнымі страхаў. Яшчэ іншыя лічаць, што ім дастаткова жыць для сябе, а хтосьці думае, каб проста неяк усё перажыць. На фоне ўсіх тых цяжкасцяў, якія нас напаткалі, папулярнай становіцца тэма крызісу. Кажуць пра крызіс веры, крызіс любові, крызісы ў самых розных сферах жыцця.

У гэты складаны час мы ўваходзім у Адвэнт.

Ён мае сваё пасланне і свой адмысловы заклік надзеі. Нязменны на працягу шматлікіх стагоддзяў.

Гэта пасланне пра Збавіцеля і пра Збаўленне. На працягу гісторыі яно напэўна гучала вельмі па-рознаму ў розныя эпохі: у часы войнаў, катаклізмаў, эпідэмій, патрасенняў у глабальных маштабах і ў індывідуальных вымярэннях чалавечых жыццёвых драмаў. Але Адвэнт заўсёды прыходзіў з тым самым пасланнем: «марана та, прыйдзі, Пане Езу» (Ап 22, 20). І гэты заклік заўсёды быў поўны радасці і надзеі. Бо радасць вынікала з надзеі, што Той, які надыходзіць, зменіць аблічча зямлі і чалавека. Ён зменіць змучаны твар чалавека ў шчаслівую ўсмешку, а слёзы напоўніць глыбінным і бясцэнным сэнсам. Ён пакажа, якая вялікая вартасць цярпення (Ап 21, 4).

Гэтае пасланне Адвэнту не губляе актуальнасці таксама сёння. Яно нязменнае, бо нязменны Той, які надыходзіць, — Езус Хрыстус, Адзіны Збаўца свету ўчора, сёння, навекі (Габр 13, 8). Калі дынамізм нашага штодзённага жыцця і веры будзе выплываць з захаплення Хрыстом, калі нашыя словы будуць пацвярджаць нашыя ўчынкі, загартаваныя вопытам дзейснай любові да бліжняга, тады кожны, хто нас сустрэне, адчуе моц Духа, які перамяняе кожную цемру ў нязгаснае Божае святло. Як жа тужыць па такому святлу збаўлення сэрца кожнага чалавека!

Для многіх людзей Адвэнт — гэта час падрыхтоўкі, але, на жаль, толькі знешняй. Гэта пагроза перавагі формы над зместам, прыгожай традыцыі, але не напоўненай зместам жывой веры. І многія людзі адчуваюць гэтую пустату, калі ў Адвэнце не шукаюць Езуса.

Гэта яшчэ адзін важны заклік адвэнтавага перыяду: туга па сапраўднасці, пошук і адшуканне Бога, вяртанне сэнсу жыцця.

Таму звяртаюся да кожнага з вас, дарагія браты і сёстры: аднясіцеся да сёлетняга Адвэнту як да асаблівага часу Божай ласкі, асаблівага дару Божага Провіду. Не будзем жа марнаваць ні аднаго адвэнтавага дня. З радасцю будзем перажываць час чакання разам з Марыяй падчас кожнай Раратняй святой Імшы. Бо Езус надыходзіць. Ён блізка. Адчынім Яму дзверы нашага жыцця.

На дні адвэнтавага чування ад усяго сэрца благаслаўляю.

+ Антоні Дзям’янка, біскуп Пінскі

Пінск, 27 лістапада 2020 г.

Абноўлена 02.12.2020 19:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця